Жыхарку Буда-Кашалёўскага раёну аштрафавалі за жорсткае забойства коткі
Суд Буда-Кашалёўскага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да 46-гадовай жанчыны за жорсткае абыходжанне з жывёлай, паведамляе Радыё Свабода.
15 чэрвеня на дваровай тэрыторыі ў пасёлку Чырвоны Сцяг жанчына скруціла галаву котцы, потым узяла яе за заднія лапы і чатыры разы ўдарыла галавой аб бетонны падмурак.
Суд прызначыў жанчыне штраф у памеры 675 беларускіх рублёў. Пастанова суду ў законную сілу не ўступіла, можа быць абскарджаная.
Правы жывёлаў рэгулююцца артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папярэджання або штрафу, другі – арышту. Крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі была ўведзена ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасці. Падстава – чалавек здзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсленай жорсткасцю.