15 сутак — за надпіс на майцы
15-цю суткамі арышту пакараны другі ўдзельнік акцыі салідарнасці ў Пружанах Юрый Папко. Ні ў паказаннях міліцыянтаў нічога асаблівага пра правапарушэнні Юрыем Папко не было, як не было яго на здымках з бел-чырвона-белым сцягам. Адзіная віна атрымалася — выйшаў на плошчу ў майцы «Краіна для жыцця», чым прыцягнуў да сябе ўвагу.
Сам суд, паводзіны старшыні суда Вадзіма Мазаля, які вёў працэс і не папярэдзіў, што заяўленыя сведкі з боку Папко павінны выйсці з судовай залы, прадэманстравалі палітычную замову судовага рашэння, распавёў Радыё Рацыя прысутны на судзе грамадскі актывіст Язэп Машкала:
— Сёння быў цырк гэты на працягу паўтары гадзіны. Мы прывезлі дыск з расшыфроўкай стэнаграфіі ад самага пачатку затрымання. Усё там бачна, усё там зразумела, што нашы хлопцы, якія там знаходзяцца, ніхто нічога не парушае.
Мікола Папека, пчаляр, паэт адзначыў:
— Чакалі, што ўсё ж такі будзе які-небудзь мінімальны штраф, і гэтага штрафу мінімальнага чакалі і бацькі, таму што чалавеку трэба працаваць.
Паводле Міколы Папекі, у нармальнай дзяржаве гэтай справы наогул не ўзнікла б. А тут яна спатрэбілася, каб трымаць у страху грамадства
Паводле Беларускае Радыё Рацыя