Жыхары Барысава пратэстуюць супраць працуючага ацяплення ў аўтобусах (фота)
Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі збіраюць подпісы супраць карыстання сістэмай ацяплення ў аўтобусах у летні перыяд. Навошта абаграваць аўтобус летам, калі тэмпература паветра ў Барысаве — 30-33 градусаў? — Пытанне лагічнае і справядлівае.
Сістэма ацяплення ў барысаўскіх аўтобусах працуе на поўную магутнасць, нягледзячы на тое, што напрацягу апошніх некалькіх тыдняў у Беларусі ўсталявалася анамальна цёплае надвор’е. Справа ў тым, што ацяпленне працуе дзеля таго, каб ахалоджваць рухавікі. Гэта вымушаная мера, бо ў выніку безгаспадарчасці і адсутнасці належнага абслугоўвання аўтобусаў, адзіная магчымасць ахалоджваць рухавікі — уключаць сістэму ацяплення. Салон аўтобуса ператвараецца ў лазню з тэмпературай паветра да 50 градусаў, паездка ў аўтобусе ператвараецца ў сапраўдныя пакуты пасажыраў, а кандуктару і кіроўцу прыходзіца працаваць у нечалавечых ўмовах. Праблема актуальная не толькі для Барысава. Толькі тыдзень таму кіроўца аўтобуса з Мінска атрымаў сонечны ўдар і страціў кантроль над рухам.
Год таму Аляксей Пракудовіч, неабыякавы жыхар Барысава звярнуўся па гэтай праблеме ў барысаўскі аўтапарк, пракуратуру і Мінаблаўтатранс. У адказ атрымаў адні адпіскі ці ігнараванне. Мы спыталі сп. Аляксея, ці вырашылася што-небудзь па гэтай праблеме за год?
— Я не менш абураны, чым год назад тымі ўмовамі, у якіх жыхары Барысава вымушаны карыстацца транспартам. Брыдка, што на працягу года, пасля таго, як я ўзняў гэтае пытанне, ні кіраўніцтва медыцынскіх, ні праваахоўных службаў, ні транспартнікі нічога не змянілі і не палепшылі. Хворым, людзям ва ўзросце, ці тым, хто цяжка пераносіць спякоту, карыстацца аўтобусам немагчыма. Тое, што падчас спякоты ў салонах аўтобусаў працуе сістэма ацяплення, лічу абсурдам і злачынствам. На гэтым канкрэтным прыкладзе складваецца пэўнае ўражанне ад ўсёй сістэмы кіравання ў краіне, як дэгенератыўнай, безгаспадарчай і абсалютна абыякавай да людзей.