Журналістам «Белсату» скасавалі забарону на выезд за межы Беларусі

Пра гэта паведаміла журналістка Вольга Чайчыц у сваім Фэйсбуку.

Журналісты Вольга Чайчыц і Андрусь Козел, фота  Belsat.eu

Журналісты Вольга Чайчыц і Андрусь Козел, фота  Belsat.eu

«Юрыдычных падставаў абмяжоўваць нас не было. І сёння судвыканаўца вымушана была адклікаць забарону на выезд. Суддзя дзяржынскага суда падцвердзіла, што я свабодна ў праве перамяшчэння», — напісала Вольга Чайчыц.
Нагадаем, учора судовая выканаўца Яна Васюк выклікала Вольгу Чайчыц і Андруся Козела, паведаміўшы, што ім абмежавалі выезд з краіны.
Журналісты паказалі ёй квітанцыі аб аплаце ўсіх штрафаў, на што ім адказалі, што немагчыма праверыць, ці ўся сума сплачаная – бо «не працуе база». Судовая выканаўца таксама папрасіла прывезці ўсе квітанцыі аб аплаце штрафаў за мінулы год.
10 верасня суддзя Дзяржынскага раённага суду пастанавіла спагнаць з Вольгі Чайчыц Br 980 за фотарэпартаж з пікету абаронцаў Курапатаў каля рэстарацыі «Поедем поедим».
Гэты штраф стаў для журналісткі дзясятым за сёлета, а іх агульная сума дасягнула ўжо Br 8330 – і працягвае расці. Адразу пасля інфармацыі пра штраф Чайчыц даведалася, што слонімская міліцыя склала на яе пратакол паводле артыкулу 22.9 КоАП.