Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын не атрымлівае прэсу

Палітвязня і журналіста «Новага Часу» пазбавілі перыядычных выданняў, пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Івашына.

dzyanis_ivashyn_e1615565631578_1.jpg

«Дзяніс Івашын з 13 ліпеня не атрымаў ніводнага выдання, на якія быў намі падпісаны. На зварот да адміністрацыі ён і мы атрымалі адказ, што яна раптам вырашыла "прывесці гэтую справу ў адпаведнасці з прынятымі так бы мовіць, нарматыўна-прававымі актамі", згодна з якімі вязні самі мусяць праз тую адміністрацыю выпісваць сабе перыёдыку.
Адпаведныя змены набылі моц у снежні 2021 года. Тады адміністрацыя паведаміла зняволенаму, што зменаў ва ўнутраным распарадку не будзе і выпісваць выданні могуць блізкія. Але праз паўгода перадумала», — напісала ў тэлеграме Вольга Івашына.
Нагадаем, днямі стала вядома, што суд па справе палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына пачнецца 15 жніўня.


Дзяніс Івашын, аўтар шэрагу гучных журналісцкіх расследванняў, ужо больш за 500 дзён знаходзіцца за кратамі. Яго арыштавалі ў сакавіку 2021 года, напрыканцы мінулага года абвінавачвалі, сярод іншага, у «здрадзе дзяржаве». У сакавіку 2022-га КДБ абвінаваціў Дзяніса Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.
Адно з апошніх сур'ёзных расследаванняў Дзяніса — «Каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі», надрукаванае ў НЧ. У ім Івашын выкрыў экс-байцоў украінскага «Беркута», якія ўладкаваліся на службу па абароне дыктатуры ў Расіі і Беларусі.


Падтрымайце Дзяніса Івашына лістамі, тэлеграмамі, пераводамі і пасылкамі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну