Зноў затрыманні пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасці

Міліцыянты затрымалі берасцейскіх актывістаў супраць акумулятарнага заводу Валера Фамінскага і Аляксандра Аблака. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода

13ed0e0f_9266_4351_a212_7942d56e566e_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg

Яны былі выкліканыя ў пастарунак позвай якраз на час сённяшняй акцыі, што адбывалася на галоўнай плошчы Берасця. Як апавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, на Фамінскага і Аблака склалі пратаколы за ўдзел у масавай акцыі і пакінулі ў ізалятары. У панядзелак іх будуць судзіць.

Шараговых гараджанаў міліцыя не чапала

На чарговай маўклівай акцыі праціўнікаў заводу затрыманьняў не было. На плошчу, паводле падлікаў праваабаронцы Рамана Кісьляка, выйшла больш за 120 чалавек.
«Гэта ня меней, чым на мінулыя выходныя і паказвае, што затрыманьні людзей не напалохалі» — кажа Раман Кісляк.
Сённяшняя акцыя вярнулася ў ранейшы фармат — людзі не выкрыквалі лозунгаў, ня было плакатаў.
Удзельнікі кармілі галубоў, гулялі з дзецьмі. Плошчу патрулявалі міліцыянты, асобы ў цывільным здымалі на камеру, але людзей на плошчы не затрымлівалі.

Пратэст без блогераў і некаторых лідэраў

Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасці штонядзелі некалькі месяцаў. Звычайна яны праходзілі ціха, без лозунгаў і транспарантаў. Людзі збіраліся на плошчы ды кармілі галубоў.
Апошнія два тыдні пачаліся затрыманні найбольш актыўных пратэстоўцаў і блогераў, якія іх падтрымліваюць.
На акцыі 14 кастрычніка было затрымана паўтара дзясятка чалавек, у тым ліку апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч. Ён быў пакараны 5 суткамі арышту.
Такі ж тэрмін прысудзілі і блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну, якія прыйшлі на плошчу з плакатам супраць заводу. Падчас акцыі 21 кастрычніка блогеры знаходзіліся пад арыштам.
Апроч іх, 20 кастрычніка быў затрыманы адзін з лідэраў пратэсту Дзям’ян Лепясевіч. Міліцыянты забралі яго з дому ўвечары, стала вядома, што да панядзелка ён будзе ў пастарунку, а потым яго будуць судзіць.
Таксама, цягам тыдня некаторыя актывісты атрымалі позвы з патрабаваньнем зьявіцца ў міліцыю ў нядзелю, якраз у час, калі на плошчы адбываецца акцыя.
Такія ж позвы атрымалі і берасцейскія незалежныя журналісты Яўген Скрабец, Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. На журналістаў склалі пратаколы за працу без акрэдытацыі ды адпусцілі.