Знайшлі ў гаражы. Стала вядома прычына смерці 46-гадовага міністра транспарту
Чарговы высокапастаўлены лукашэнкаўскі чыноўнік памёр пры загадкавых абставінах. Як звычайна, дзяржаўная прапаганда не паведаміла пра прычыны заўчаснай смерці, але ў сучасным свеце падрабязнасці любых падзей часта становяцца вядомымі праз пэўны час.
Лукашэнкаўскі міністр
транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка раптоўна памёр 4 ліпеня. Пра
яго заўчасную смерць паведаміла дзяржаўнае агенцтва, але падрабязнасцей не
прыводзіла. Незалежным крыніцам
інфармацыі неўзабаве стала вядома прычына сыходу з жыцця чыноўніка.
Спачатку аб гэтым
заявіла ініцыятыва былых сілавікоў «BYPOL» (тая яе частка,
якой кіруе Аляксандр Азараў). Паводле яе крыніц, Аўраменка здзейсніў суіцыд.
Што менавіта
стала апошняй кропляй і прычынай такога адчайнага кроку, яшчэ трэба высветліць,
удакладніў «BYPOL».
Ініцыятыва
нагадала, што менавіта пры гэтым міністры быў здзейснены акт паветранага
пірацтва дзеля захопу Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега, выкарыстанне
транспартнай інфраструктуры для забеспячэння расійскай агрэсіі супраць Украіны,
а таксама масавыя чысткі і рэпрэсіі на беларускай чыгунцы і не толькі.
Пазней
падрабязнасці смерці Аўраменкі агучыла «Наша Ніва». Спаслаўшыся на дзве
крыніцы, выданне пацвердзіла, што чыноўнік скончыў жыццё самагубствам. Адбылося
гэта ў гаражы на лецішчы, дзе яго знайшлі сваякі.
Сёння прайшла цырымонія развітання з Аўраменкам. На ёй прысутнічалі многія высокапастаўленыя чыноўнікі. Лукашэнка абмежаваўся вянком.
Аляксей Аўраменка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску.
У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную
акадэмію, у 2010 годзе — Акадэмію кіравання.
З 2000 па 2001 год працаваў галоўным спецыялістам аддзела
ўтрымання дарожнай сеткі Камітэта па аўтамабільных дарогах пры Міністэрстве
транспарту і камунікацый Беларусі, з 2001 па 2006 год — галоўным спецыялістам
аналагічнага ўпраўлення ў дэпартаменце «Белаўтадар» ведамства.
З 2006 года працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні
транспарту і сувязі апарата Савета Міністраў Беларусі.
У 2012 годзе ўзначаліў упраўленне транспарту і сувязі
апарата Савета Міністраў.
З 25 ліпеня 2013 года займаў пасаду намесніка міністра
транспарту і камунікацый Беларусі, з 3 сакавіка 2016 года — пасаду першага
намесніка міністра транспарту і камунікацый.
15 студзеня 2019 года Аляксей Аўраменка быў прызначаны
міністрам транспарту і камунікацый.
За апошні год гэта трэцяя смерць беларускіх топ-чыноўнікаў:
26 лістапада 2022 года памёр міністр замежных спраў Уладзімір Макей, 2
красавіка гэтага года — намеснік міністра эканомікі Беларусі Сяргей Міцянскі.
Паводле звестак «НН», Макей у сваім
доме ў Драздах таксама
звёў рахункі з жыццём.