Журналіста судзяць за абразу самога

У Гродна пачаўся закрыты працэс па справе журналіста Андрэя Пачобута. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: паводле часткі 1 артыкула 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і паводле часткі 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкула — чатыры гады пазбаўлення волі, паводле другога — два гады. Андрэй Пачобут сваім родным сказаў рыхтавацца да горшага. (Аксана Пачобут з дачкой Янай каля будынка суда)



274a10ffa06e434f2a94df765cac6bf4.jpg

У Гродна пачаўся закрыты працэс па справе журналіста Андрэя Пачобута. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: паводле часткі 1 артыкула 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і паводле часткі 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкула — чатыры гады пазбаўлення волі, паводле другога — два гады. Андрэй Пачобут сваім родным сказаў рыхтавацца да горшага.

(Аксана Пачобут з дачкой Янай каля будынка суда)


Годны нягоднік
Крымінальную справу на журналіста польскай “Gazety Wyborczej Андрэя Пачобута распачалі напрыканцы сакавіка. Яму інкрымінуюць публічную абразу кіраўніка Беларусі — у тэкстах, напісаных і змешчаных у інтэрнэце на сайтах wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com на працягу 2010–2011 гадоў. 6 красавіка Андрэя спачатку затрымалі на трое сутак, а потым меру стрымання змянілі з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай. Чаму менавіта Андрэй? У Беларусі працуюць сотні журналістаў, і далёка не ўсе пяюць гімны хвалы кіраўніцтву дзяржавы. “Андрэй — прадстаўнік Саюза палякаў, думаю, гэта асноўная прычына. Гэта робіцца, каб ліквідаваць, ізаляваць людзей, і ўжо потым распраўляцца надалей з арганізацыяй, — гаворыць Аксана, жонка Андрэя Пачобута.
Пераслед журналіста за яго прафесійную дзейнасць журналісцкая супольнасць Беларусі сустрэла з абурэннем і насцярогай. Прэцэдэнт — цяпер за крытыку ўладаў можна заляцець на нары з фармуліроўкай “паклёп і абраза.
Аднак рэдактар саўмінаўскай газеты “Рэспубліка і старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак такіх апасенняў не падзяляе. “Нядаўна даваў інтэрв’ю “Еўрапейскаму радыё для Беларусі, там усё павярнулі, перавярнулі. Чаму Пачобутам вы не займаецеся, не ратуеце, не дапамагаеце? Я пацікавіўся гэтым пытаннем, дык мне сказалі, што там — чыстая крымінальшчына, — цытуе Лемяшонка БелаПАН. “Калі абсалютна лаяльны да ўлады Аляксандр Варламаў (дызайнер, мадэльер, арганізатар фестывалю “Млын моды — рэд.) трапіўся на такіх момантах, якія яму прад’яўляюць (не ведаю, чым там скончыцца). Ён абсалютна лаяльны да ўлады, ён не апазіцыянер, але яго ж таксама збіраюцца судзіць. То чаму з іншых, вашых прадстаўнікоў, павінны зрабіць палітычных пакутнікаў? — абураўся Лемяшонак. — Ведаем мы гэтыя гульні, ну гуляць — гуляйце. Але нават у гульнях, дзіцячых, дарослых, мусіць быць нейкі ўзровень прыстойнасці. Калі мы не можам быць інтэлігентнымі людзьмі, то хаця б годнымі.
Аднак міжнародныя журналісцкія арганізацыі нягодных складнікаў у дзейнасці Пачобута не знайшлі. Праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ, ЗША) запатрабавала спыніць судовы пераслед і вызваліць гродзенскага карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» Андрэя Пачобута. «Гэта абуральна, што журналіста ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі судзяць пры зачыненых дзвярах толькі за тое, што ён пісаў крытычныя артыкулы пра абранага лідара. З Андрэя Пачобута павінны зняць усе гэтыя палітызаваныя абвінавачанні і вызваліць», — цытуе намесніка дырэктара СPJ Роберта Махоні агенцтва БелаПАН.
«Рэпарцёры без межаў» патрабуюць зрабіць усе слуханні па справе Пачобута адкрытымі, «пакуль абвінавачанні супраць Пачобута не знятыя». Тое, што на суд 14 чэрвеня не змаглі трапіць журналісты, «не пакідае практычна ніякіх надзеяў на справядлівы суд», — лічыць арганізацыя. «Суровасць абвінавачанняў, прад’яўленых Пачобуту на абсурдных падставах, з’яўляецца сведчаннем аўтакратычнага вар’яцтва, у якое прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абрынуў сваю краіну», — гаворыцца ў заяве «Рэпарцёраў без межаў» ад 14 чэрвеня.
Нагадаем адзін паказальны эпізод з найноўшай гісторыі СМІ Беларусі. У 2006 годзе ў газеце “Згода, якую Аляксандр Сдвіжкоў падпісаў да друку, былі перадрукаваныя скандальныя карыкатуры на прарока Мухамеда з дацкай газеты. Журналіста абвінавацілі ў “распальванні рэлігійнай варожасці, судовы працэс таксама быў закрытым. У выніку “Згода была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага суда, а Сдвіжкова пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сдвіжкоў адседзеў тры месяцы, яго вызвалілі з турмы, калі пад ціскам Захаду Лукашэнка  адпусціў на свабоду ўсіх палітвязняў.
Прысуд не гатовы
14 чэрвеня за зачыненымі дзвярыма (на працэс не пусцілі і жонку Андрэя Пачобута) суд заслухаў некалькіх экспертаў, якія аналізавалі «крымінальныя» тэксты Пачобута. Як паведамляе служба маніторынгу БАЖ, экспертамі на судзе былі выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Нікіценка, а таксама двое супрацоўнікаў аддзелу ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ). Напрыканцы першага дня суда пракурор заявіў хадайніцтва перанесці слуханні на 17-е чэрвеня, каб перакваліфікаваць абвінавачанні. Просьбу суддзя задаволіў. Абарона Пачобута заявіла хадайніцтва аб запрашэнні ў суд 12-ці сведак з боку абвінавачанага. “Адвакат сказаў, што ў ліку сведак Аляксандр Мілінкевіч, Лукашэнка, юрыст з БАЖу. Але суд адхіляе хадайніцтва аб запрашэнні сведак з боку абароны, — гаворыць Аксана Пачобут. — Пасяджэнне перанеслі — або проста цягнуць час, хочуць, каб да суда не прыходзіла столькі людзей на знак падтрымкі. Я думала, што яны ўжо ведаюць прысуд. Але, магчыма, яшчэ чакаюць нейкага загаду зверху.
Сустрэцца з мужам Аксана пасля першага судовага пасяджэння не мела магчымасці — Андрэя выводзілі-вывозілі праз чорны ход у акружэнні міліцыі. Заставалася хіба што крычаць мужу словы праз агароджу. “Суддзя сказаў, што размаўляць са мной не будзе ўвогуле, толькі праз адваката, і толькі пасля працэсу, — расказвае Аксана Пачобут.
У інтэрнэт-дзённіку poczobut.livejournal.com перыядычна змяшчаюцца яго нататкі. Андрэй настроены на любы вырак, ілюзіяў не мае. Але і сілы духу не губляе ў турэмных сценах. “Сяджу я на 3-м паверсе СІЗА, паверхам ніжэй у 30-я гады сядзеў самы вядомы зняволены гродзенскай турмы — камуністычны тэрарыст і верны сталінец Сяргей Прытыцкі. У далёкім 80-м годзе я пайшоў у першы клас школы, якая носіць яго імя. І зараз вось атрымаў унікальную магчымасць “пагасцяваць у месцы яго “баявой славы. Увогуле, я не сумую, нават наадварот. Беларусь “турэмная мала чым адрозніваецца ад Беларусі “свабоднай. Рэжым ёсць рэжым. І там у вас, і тут у мяне. Хіба, што тут, у турме, усё яшчэ больш скандэнсавана. З цікавасцю збіраю матэрыял для “посттурэмнага рэпартажу, хаця з’явіцца яму будзе наканавана праз некалькі гадоў, але запэўніваю вас, ад гэтага ён не стане менш цікавым, — напісаў пра павароты свайго лёсу Андрэй.