«Збіраў звесткі аб рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Сочы». Урача абвінавачваюць у дзяржздрадзе
Супраць былога галоўнага ўрача санаторыя «Беларусь» у Літве Андрэя Кобеля распачалі крымінальную справу аб здрадзе дзяржаве.
На Андрэя Кобеля, былога галоўнага лекара санаторыяў «Беларусь» у Літве і Расіі, завялі справу аб здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса). Пра гэта распавялі ў эфіры канала «Беларусь 1».
Кобеля затрымалі паўгода таму, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве за «збор даных аб беларусах, якія адпачывалі ў санаторыях». Акрамя таго, як сцвярджае «Беларусь 1» у сваім чарговым фільме пра «аперацыю КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны», Кобель збіраў «звесткі аб рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Сочы».
У сюжэце тэлеканала гаворыцца, што «літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу» і таму Кобель «падпісаў абавязацельства аб супрацоўніцтве». Аўтары роліка выкарыстоўваюць відэа з допытам лекара, закадравы голас кажа, што ў абмен на звесткі ён атрымліваў «падачкі ў канвертах, дзе ляжала некалькі соцень еўра».
У сюжэце «Беларусь 1» распавядаецца і пра іншых абвінавачаных па справах аб здрадзе дзяржаве. У адным з эпізодаў гаворыцца пра затрыманую ў Беларусі грамадзянку Латвіі Алу Сакаленка. Паводле версіі супрацоўнікаў тэлеканала, яна «па заданні латвійскіх спецслужбаў рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў». Вясной пошукава-выратавальны атрад «Анёл» пісаў, што жанчына знікла разам з іншай грамадзянкай Латвіі — Дзіянай Бахмутай.
Андрэй Кобель 10 гадоў быў галоўным урачом санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі, пазней працаваў на той жа пазіцыі ў беларускім санаторыі ў Сочы, гаворыцца ў сюжэце. У апошні час Кобель узначальваў адзін з аддзелаў РНПЦ у Мінску.
Паводле «М*дыязоны»