Заўтра можна будзе бясплатна даслаць паштоўкі палітвязням

1 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень паштовай карткі. З гэтай нагоды «Белпошта» ладзіць акцыю: у вызначаных аддзяленнях паштовай сувязі можна будзе бясплатна даслаць паштоўкі ў любую кропку Беларусі.

pochta_1564734300.jpg

1 кастрычніка 2020 года ў выдзеленых аддзяленнях паштовай сувязі сталіцы і абласных цэнтраў РУП «Белпошта» правядзе акцыю «Сусветны дзень паштовай карткі».
У гэты дзень у месцах правядзення акцыі кліенты змогуць набыць паштовыя карткі, падпісаць іх і бясплатна адправіць сваім блізкім, сябрам і партнёрам па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У Мінску акцыя пройдзе з 10.00 да 12.00 і з 15.00 да 17.00 у круглай зале паштамта (пр. Незалежнасці, 10). 
Чым не нагода прыйсці на паштамт, каб даслаць паштовыя карткі беларускім палітзняволеным? Спіс палітычных вязняў з адрасамі для адпраўкі паштовак змяшчаецца на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Ахвотным далучыцца да акцыі ў іншых населеных пунктах трэба спраўдзіць месца яе правядзення на сайце «Белпошты».