Затрыманыя на Дзень Волі патрабуюць пакараць катаў з Цэнтральнага РУУС Мінска

Дзевяць чалавек, затрыманых у Мінску на Дзень Волі, падалі 5 траўня ў пракуратуру Мінску і Першамайскага раёну сталіцы, у ГУУС Мінгарвыканкаму і Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС Беларусі калектыўную скаргу на катаванні затрыманых у Цэнтральным РУУС.

dzenvoli__1_of_1__2_logo_1_1.jpg


"Мы падаем скаргу, каб засведчыць факты катаванняў і парушэнняў закону, якія чыняць супрацоўнікі міліцыі ўвесь час пры затрыманнях. Мы пастараліся максімальна дакладна распавесці ўсё тое, што атрымалася з затрыманымі ад моманту іх фактычнага гвалтоўнага скрадання і да моманту дастаўлення ў ЦІП на Акрэсціна. Скарга калектыўная, таму ніякіх суб’ектыўных меркаванняў тут быць не можа. Менавіта так усё і адбывалася. Калі нашу скаргу праігнаруюць і не будуць выкананыя нашыя патрабаванні, у тым ліку прыцягнення да адказнасці тых людзей, якія чынілі гвалтоўныя дзеянні, мы будзем звяртацца ў суд. Калі спатрэбіцца, то і міжнародны, каб гэтая злачынная сістэма стала вядомая шырокай грамадскасці, а таксама каб людзі, якія чынілі гэта, сталі вядомыя як у Беларусі, так і за яе межамі”, — адзначыў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, які 25 сакавіка таксама быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС.
Аўтары заявы просяць правесці поўную, аб'ектыўную і ўсебаковую праверку па выкладзеных фактах, на прадмет перавышэння супрацоўнікамі органаў унутраных спраў сваіх паўнамоцтваў і адпаведнасці іх дзеянняў заканадаўству. А таксама выявіць і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія дапусцілі выкладзеныя парушэнні, чым падверглі кожнага з тых, хто падпісаўся, жорсткаму і зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню, прычынілі фізічныя і маральныя пакуты;
bchd.info