Затрымалі проста ў форме фельдшара хуткай дапамогі
З Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Лідзе выйшлі на волю першыя тры арыштаваныя ўдзельнікі стрыму блогера Сяргея Ціханоўскага, які праходзіў 22 красавіка.
![4_1pavel_palejczyk.jpg 4_1pavel_palejczyk.jpg](/img/v1/images/4_1pavel_palejczyk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адным з першых быў арыштаваны і асуджаны на 7 сутак арышту фельдшар станцыі хуткай дапамогі ў Лідзе – Павел Палейчык.
Медык прыйшоў на сустрэчу з блогерам, каб падзяліцца рэальным становішчам справаў у сябе на працы ў часе пандэміі каронавірусу. Праз два тыдні ён быў арыштаваны папросту пасля чарговай змены працы ў хуткай медычнай дапамозе.
Па словах Паўла, арышт для яго быў нечаканасцю:
— Патэлефанавалі, сказалі прыбыць у РАУС быццам для дачы тлумачэнняў. Я з працы прыйшоў і ўсё — адтуль ужо не выйшаў. Тлумачэнні ўзялі, і мне сказаў, той, які пісаў пратакол, што начальнік сказаў, каб я заставаўся адразу на суткі. Я крыху разгубіўся, калі забралі шнуркі і сказалі — на суткі. Вось гэтага я не чакаў. Я быў у форме хуткай, тады ў суправаджэнні я пайшоў на працу пераапрануцца і ў гэты час патэлефанаваў жонцы, што мяне забіраюць на суткі.
Тым часам, акурат у гэтыя гадзіны ў Лідзе павінен выйсці на волю яшчэ адзін медык — Алег Краўцоў. Ён быў затрыманы папросту падчас суда над Паўлам Палейчыкам, калі прыйшоў туды падтрымаць свайго калегу.
Беларускія
праваабаронцы накіравалі скаргі ў ААН і Сусветную арганізацыю аховы здароўя па
факце арышту медыкаў у Беларусі падчас пандэміі каронавірусу.
www.racyja.com