Захаванне сярэдняй школы ў Вялікай Машчаніцы: гаварыльня замест вырашэння праблемы

У аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна у будынку мясцовай сярэдняй школы вечарам 14 сакавіка адбыўся бацькоўскі сход, на якім прадстаўнікі аддзелу адукацыі Бялыніцкага райвыканкама распавялі бацькам вучняў пра тое, як добра чыноўнікі працуюць.



mashchanica_shkola_1.jpg

Сход быў сабраны па ініцыятыве аддзела адукацыі ў адказ на пісьмовыя звароты бацькоў вучняў Машчаніцкай сярэдняй школы ў органы выканаўчай улады з патрабаваннем не дапусціць закрыцця старэйшых класаў у гэтай школе і ператварэння школы з сярэдняй у базавую.

Начальнік аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Лідзія Шчацінка адзначыла, што яна ўпершыню пабачыла столькі людзей на бацькоўскім сходзе ў Машчаніцкай сярэдняй школе, хаця неаднаразова бывала на падобных мерапрыемствах. Лідзія Аляксандраўна паведаміла, што бацькоўскі сход сабраны як мера рэагавання на звароты бацькоў вучняў у органы выканаўчай улады, распавяла пра плённую працу аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама, аднак так і не адказала на галоўнае пытанне — ці будзе ў наступным навучальным годзе ў Машчаніцкай школе 10 клас, і ці застанецца школа сярэдняй?

Гэта пытанне было асноўным у бацькоў вучняў, яны задавалі яго неаднаразова на працягу схода, аднак начальнік аддзела адукацыі так і не дала на яго канкрэтнага адказу, абмяжоўваючыся агульнымі фразамі пра клопат з боку РАНА пра ўсіх вучняў Бялыніцкага раёна і пра тое, колькі высілкаў супрацоўнікі аддзела адукацыі і настаўнікі прыкладаюць для арганізацыі навучальнага працэсу.

Адзіная канкрэтная інфармацыя, якую дазволіла сабе паведаміць вяскоўцам райвыканкамаўская чыноўніца — гэта тое, што пытанне пра далейшы лёс школы будзе вырашана да траўня месяца і пра рашэнне слаўных бялыніцкіх чыноўнікаў бацькі вучняў абавязкова даведаюцца.

Таксама Лідзія Аляксандраўна выказала вялікую заклапочанасць лёсам Бялыніцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя, у якім пяцьсот навучальных месцаў, а вучыцца ўсяго крыху больш за восемдзесят навучэнцаў. Склалася ўражанне, што Лідзія Шчацінка лічыць вышэйшую адукацыю не вельмі патрэбнай для вясковых дзяцей…

У выніку, не атрымаўшы ніякага адказу ад чыноўнікаў на ніве адукацыі, бацькі навучэнцаў Машчаніцкай СШ па ўласнай ініцыятыве спынілі бацькоўскі сход і разышліся па хатах.

“Для людзей засталося абсалютна не зразумелым, дзеля чаго наогул было арганізоўваць бацькоўскі сход. Навошта было яго праводзіць, калі няма сказаць нічога канкрэтнага па асноўнаму хвалюючаму пытанню, — выказвае меркаванне ўдзельнік сходу, журналіст Барыс Вырвіч. — На маю думку, чыноўнікам проста патрэбна было паставіць “птушачку”, што яны адрэагавалі на звароты і сустрэліся з людзьмі. Ну а тое, што чыноўнікі і настаўнікі ў нас вельмі добрыя, а бацькі і вучні не цэняць іх тытанічную працу на ніве адукацыі, мы і так ведаем.

За апошнія гады ў рэканструкцыю Машчаніцкай СШ “убухана” процьма грошай. Калі чыноўнікі лічаць школу неперспектыўнай, то хто адкажа за нерацыянальнае выкарыстанне грашовых сродкаў з бюджэту? Таксама я асабіста лічу, што раённыя ўлады павінны папярэджваць усіх маладых спецыялістаў аб тым, што, калі яны клапоцяцца пра лёс сваіх дзяцей, ехаць жыць і працаваць у аграгарадок Вялікая Машчаніца няма ніякага сэнсу”.

Згодна атрыманай інфармацыі, бацькі вучняў Машчаніцкай СШ зараз рыхтуюць звароты ў вышэйстаячыя інстанцыі краіны, бо, на іх думку, бялыніцкія раённыя ўлады не могуць (ці не хочуць) даць нейкага канкрэтнага адказу пра далейшы лёс сярэдняй школы. Больш за тое, бацькі ўпэўненыя, што аддзел адукацыі Бялыніцкага райвыканкам ужо прыняў рашэнне не адчыняць 10 клас у Машчаніцкай СШ у наступным навучальным годзе, проста яго пакуль не агалошваюць, каб не бударажыць мясцовых жыхароў яшчэ больш напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы.

Нагадаем, што жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна 11 сакавіка накіравалі калектыўны зварот на імя начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У сваім звароце жыхары аграгарадка патрабавалі ад упраўлення адукацыі захаваць у Машчаніцы сярэднюю школу, якую мясцовыя ўлады без правядзення ўсялякага грамадскага абмеркавання збіраюцца ператварыць у базавую.

Раней зварот на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Мікалая Кадаценкі накіраваў мясцовы журналіст Барыс Вырвіч. У звароце ён папрасіў Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт не прымаць паспешлівых і неабдуманых рашэнняў, тым больш, што рашэнне аб ператварэнні Машчаніцкай СШ у базавую рыхтавалася да прыняцця без правядзення агульнага сходу бацькоў вучняў, якія навучаюцца ў школе, і правядзення грамадскага абмеркавання.


spring96.org