За просьбу прыбраць расійскі сцяг з аўтобуса затрымалі актывіста БХД

У Менску быў затрыманы актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Алесь Кутасаў, які папрасіў прыбраць сцяг з лабавога шкла аўтобусу «Калодзішчы-Мінск».



ras.jpg

Зайшоўшы ў аўтобус і пабачыўшы расейскі сцяг, Алесь Кутасаў на першым жа прыпынку папрасіў кіроўцу прыбраць сцяг, але той, агрызнуўшыся, зачыніў вакенца. На наступным прыпынку ў аўтобус увайшла кандуктар, якая папрасіла паказаць дакументы на праезд. «Я ёй сказаў, што аплачу толькі тады, калі будзе прыбраны сцяг», - адзначыў актывіст.
Тады яму грубым тонам паведамілі, што адвязуць на дыспетчарскую станцыю, дзе перададуць міліцыі. Пры гэтым усю дарогу да Д/С Алесю Кутасаву пагражалі. На дыспетчарскай станцыі кандуктар перадала актывіста міліцыянтам, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён дэбашырыў і ледзь не лез у кабіну кіроўцы. Разам з тым прайсці ў міліцэйскі пастарунак для запісу паказанняў кандуктар адмовілася, а кіроўца між тым прыбраў сцяг з аўтобуса.

Па дарозе ў пастарунак міліцыянты абураліся, што Алесь Кутасаў размаўляе па-беларуску, бо, паводле іх словаў, беларускай мовы не існуе, а існуе толькі трасянка, а Расія з'яўляецца найбліжэйшым хаўруснікам Беларусі. У адказ актывіст заявіў, што лічыць расійскі сцяг сімвалам расійскай акупацыі. Паколькі ж аўтобус з'яўляецца дзяржаўнай уласнасцю і аплочваецца грамадзянамі, у тым ліку і ў выглядзе падаткаў, то і падобных прадметаў у грамадскім транспарце быць не павінна, сказаў ён.


У пастарунку Алеся Кутасава пратрымалі дзесяць хвілін і, «прабіўшы па базе», адпусцілі, запісаўшы, што правялі тлумачальную размову.
Між тым актывіст БХД ужо даслаў скаргу у Мінсктранс. «Чакаю адказу», - адзначыў ён.
bchd.info