За мяжой вучацца 30 тысяч беларусаў
У тым ліку дзеці многіх высокіх беларускіх чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў. Яны выбіраюць для сябе замежныя ўніверсітэты, хоць беларускае кіраўніцтва, а часам і самі бацькі такіх студэнтаў публічна хваляць менавіта беларускую сістэму адукацыі і называюць яе адным з дасягненняў цяперашняй улады.
Найбольшай папулярнасцю для вучобы за мяжой у заможных беларусаў карыстаюцца Вялікабрытанія, Нямеччына, Швейцарыя... У каго меней грошай — стараюцца ўладкаваць дзяцей ва ўніверсітэты Расіі, Польшчы, Літвы.
За мяжой вучыліся альбо вучацца дзеці былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Урала Латыпава (ЗША), экс-кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва (Кітай), экс-міністра замежных спраў Сяргея Мартынава (Вялікая Брытанія), былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага (Вялікая Брытанія), бізнэсоўцаў Анатоля Капскага (Вялікабрытанія), Юрыя Чыжа (Швейцарыя).