“За якасную медыцыну”: падчас перформансу ў Віцебску спалілі абяцанні ўладаў (фота)
22 лістапада ў Віцебску адбыўся круглы стол з удзелам сябраў ініцыятывы “За якасную медыцыну”, яе трэцяга этапу, дзе былі прадстаўнікі і грамадскай супольнасці, і медыкі, і сябры з іншых гарадоў Віцебшчыны, якія далучыліся ці збіраюцца далучацца да кампаніі.
Былі абмеркаваныя папярэднія вынікі ініцыятывы і далейшыя крокі. Ідэі аднаго з удзельнікаў, які прапанаваў перш за ўсё звярнуць увагу на медыцынскую дыягностыку, яе стан, вывучэнні ў межах школьнай праграмы па біялогіі адмысловых тэмаў, выклікалі дыскусію, адзначыла кіраўнік ініцыятывы, лідар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Напрыканцы адбыўся перформанс “Спаленыя чаканні”, які адлюстраваў стан медыцыны ў Віцебску, яе найбольш балючых праблемаў: даўгабуды і замарожванне рамонтаў
медыцынскіх устаноў (паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева — 5 гадоў чакання, паліклініка ў мікрараёне Поўдзень–7 — 3 гады чакання, бясконцыя рамонты бальніцы №2,
інфекцыйнай, гінекалагічнага корпусу абласной, чаканне на прыём да вузкіх спецыялістаў, як, напрыклад, да афтальмолага — не менш за 2 месяцы).
“Кожны лісток календара — дзень чакання чаргі да доктара, абвастрэнне праблемаў, страчанае здароўе. Гады жыцця абяцаннямі, што так лёгка і безадказна даюцца чыноўнікамі, якія
потым так жа лёгка адмахваюцца ад іх прывычным ужо тлумачэннем: грошаў няма… Дык не будзе ім спакою!” — падкрэсліла Таццяна Севярынец.