За акцыі на суткі адправілі мінімум сямнаццаць чалавек. Падтрымай іх паштоўкай салідарнасці
Некалькі дзён запар у розных гарадах краіны працягваецца пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Не абышлося і без адміністрацыйных арыштаў.
Суды адпраўляюць некаторых "на суткі" за ўдзел у мірных сходах па артыкуле 23.34 КаАП. Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца на перыяд абвешчанай пандэміі ад прымянення адміністрацыйнага затрымання на тэрмін звыш 3-х гадзін і адміністрацыйнага арышту.
Паводле інфармацыі "Вясны", на вечар 8 траўня "суткамі" пакараныя мінімум сямнаццаць чалавек. Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці тых, хто ажыццяўляў свае канстытуцыйныя правы на свабоду выказвання меркавання і на свабоду мірных сходаў, гарантаваных міжнароднымі дакументамі.
КУДЫ І КАМУ ПІСАЦЬ?
Ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, вуліца Міжгародняя, 26, г. Гомель, 246012
Блогера Сяргея Ціханоўскага ("Краіна для жыцця") затрымалі 6 траўня. Пасля афіцыйнага каментара МУС стала зразумела, што яго адправілі адбываць 15-сутачнае пакаранне за ўдзел у снежаньскай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. Павінен выйсці на волю 21 траўня.
7 траўня асуджаны на 15 дзён актывіст Аляксей Саламашэнка за ўдзел у акцыі "кармленне галубоў" каля нулявога кіламетра ў цэнтры Гомеля 3 траўня. Павінен выйсці на волю 22 траўня.
Стала вядома, што грамадскага актывіста Юрыя Уласава таксама арыштавалі на 15 сутак. Яго затрымалі 7 траўня разам з яшчэ 19 удзельнікамі акцыі ў Гомелі. Усіх, акрамя Уласава, увечары адпусцілі. На волю павінен выйсці 22 траўня.
Ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама, вуліца Крупскай 99Б, г. Магілёў, 212011
Восьмага траўня суд Ленінскага раёна Магілёва адправіў на "суткі" пяць чалавек, якіх затрымалі яшчэ 5 траўня. Гэта каманда "Краіна для жыцця" з аўтадома і жыхары Магілёва, якія адбівалі кіроўцу аўтадома ад міліцыі:
Блогер Уладзімір Няронскі ("Слуцк для жыцця") — 10 сутак. На волю павінен выйсці 15 траўня;
Арцём Сакаў — 5 сутак. На волю павінен выйсці 10 траўня;
Кіроўца аўтадома "Краіна для жыцця" Аляксандр Арановіч — 6 сутак. На волю павінен выйсці 11 траўня;
Сцяпан Лазаронак — 5 сутак. На волю павінен выйсці 10 траўня;
Вячаслаў Зайцаў — 2 сутак.
Ізалятар часовага ўтрымання Лідскага РАУС, вуліца Перамогі, 36, г. Ліда, 231281
Фельчар хуткай дапамогі з Ліды Павел Палейчык затрыманы 7 траўня і асуджаны на 7 сутак на наступны дзень. Павінен выйсці на волю 14 траўня.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным мерапрыемстве" — сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. На той сустрэчы Палейчык распавёў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца медыкі падчас эпідэміі каранавіруса. Праблемы ў Палейчыка пачаліся яшчэ да гэтай сустрэчы: кіраўніцтву не спадабалася, што ён звярнуўся да валанцёраў з просьбай забяспечыць медыкаў рэспіратарамі.
Таксама 7 сутак прысудзілі жыхару Ліды Андрэю Паляковічу за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. Павінен выйсці на волю 15 траўня.
Вядома таксама, што асудзілі 7-сутачным арыштам яшчэ аднаго фельчара Алега Краўца. На волю павінен выйсці 15 траўня. На суткі адправілі і Максіма Палонскага. Пасля адбыцця 7-сутачнага арышту на волю выйдзе 15 траўня.
Ізалятар часовага ўтрымання Гродзенскага РАУС, вуліца Гая, 4, г. Гродна, 230010
Гарадзенскаму актывісту Аляксандр Лаўрэнцьеву 8 траўня прысудзілі 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Але на волю ён павінен выйсці толькі 17 траўня, бо засталіся яшчэ двое неадбытых сутак. Па ўсёй верагоднасці, яго асудзілі, як і іншых, за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім, які прыязджаў у Гродна.
Таксама па артыкуле 23.34 КаАП у Гродне адправілі на суткі яшчэ чатыры чалавекі:
Яўген Рэзнічэнка — 6 сутак. На волю павінен выйсці 14 траўня;
Алена Сахарчук — 6 сутак. На волю павінен выйсці 14 траўня;
Кіраўнік гродзенскага тэатру «Гексаген» Васіль Калач — 7 сутак. На волю павінен выйсці 15 траўня;
Юрый Шока — 7 сутак. На волю павінен выйсці 15 траўня.
Праваабаронцам вядома, што за кратамі да суда на выходныя застаюцца праваабаронца "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў, берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін ("Народны рэпарцёр", "Youtube-дэпутаты"), журналіст-фрылансер з Глыбокага Дзмітрый Лупач, магілёўскі блогер і журналіст Міхаіл Аршынскі ды іншыя.
Інфармацыя па затрыманым удакладняецца і дапаўняецца.
spring96.org