З-за аварыі палова Гродна засталася без цяпла
Палова Гродна засталася без ацяплення. Халоднымі былі батарэі ў кватэрах у цэнтры, замярзаў Фолюш і раён вуліц Кляцкова і Кабяка. Жыхары вуліцы Татарскай эвакуяваныя ў сувязі з прарывам трубы з гарачай вадой.
У ЖЭСе № 6 патлумачылі:
“Прарвала трубапровад на вуліцы Белуша. Недзе ў 7 гадзін. Аварыя ліквідуецца ў хуткім тэмпе. Як высветлілася, інфармацыя ЖЭСа была не зусім дакладнай.
Прыбыўшы на месца, карэспандэнтка “Твайго стылю даведалася, што буйная аварыя адбылася на вуліцы Татарскай (ваколіцы вуліц Белуша і Лідскай), у сектары прыватнай забудовы. Каля 3 гадзін ночы прарвала трубаправод, каля 5 гадзін раніцы супрацоўнікі МНС эвакуявалі жыхароў дамоў: выкарыстоўваліся лодкі, людзей здымалі нават з дахаў, бо вада з прарванай трубы даходзіла да ўзроўню вокнаў.
Два выратавальнікі, што на руках пераносілі дзяцей праз плынь кіпеню і пару, атрымалі апёкі. У аднаго з іх — апёкі 25% паверхні цела, у другога — 3%. Гэта пажарны ПАСЧ №2 Павал Янушкевіч і пажарны ПАСЧ 1 №1 ПАСО 5 гарадскога аддзялення МНС Станіслаў Кончык. Паводле апошняй інфармацыі, іх жыццю пагрозы няма. Адзін з іх атрымаў апёкі стопаў, найбольш пацярпеў той, якому кіпень трапіў за каўнер.
Паводле прэс-службы Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, прарыў трубаправода дыяметрам 700 мм здарыўся ў 3.01 каля жылога дома па вуліцы Бялуша 20а. У зоне падтаплення апынуліся 6 прыватных дамоў. У службу “101 патэлефанаваў адзін з іх жыхароў.
Супрацоўнікі МНС выратавалі 11 чалавек. Дарослых эвакуявалі з дапамогай выратавальных дошак, трох дзяцей выносілі на руках. Глыбіня гарачай плыні вады дасягала 1 метра.
Ад кіпеню людзі ратаваліся, імкнучыся забрацца як мага вышэй. Памяшканні былі настолькі запоўненыя гарачай парай, што нічога не было відаць на адлегласці выцягнутай рукі. Выратавальнікі ішлі на галасы людзей, некаторыя пацярпелыя спрабавалі пазначыць сябе, уключыўшы мабільныя тэлефоны.
Жыхароў падтопленых дамоў часова размясцілі ў гасцініцы, СШ №13 і ў сваякоў.
З-за падмыву дарогі, пад дарожнае пакрыццё праваліліся 5 аўтамабіляў.
На месцы працуюць аварыйныя брыгады водаканала і УЭРЭП Кастрычніцкага раёна. З-за аварыі знізіўся ўзровень запаўнення цепласетак вадой і тэмпературнага рэжыму па большай частцы Кастрычніцкага раёна і частцы Ленінскага. На дадзены момант ідзе запаўненне сетак вадой.
МНС адпампоўвае ваду, але трэба, каб яна астыла.
Некалькі аўтамабіляў праваліліся пад падмыты асфальт
Батарэі ў кватэрах гараджан так і застаюцца халоднымі. Калі з’явіцца цяпло, у ЖЭСе № 6 не ведаюць, але просяць “пацярпець. А вось ва УЖРЭПе каля 8 гадзін раніцы яшчэ не ведалі, дзе аварыя. Але з упэўненасць пацвердзілі, што ўжо з раніцы мерзне палова горада.
У шматлікіх школах і садках адмененыя заняткі. Аднак не ва ўсіх: напрыклад, у садку на вуліцы Сухамбаева цяпло ў трубах ёсць.
Паводле сайта "Твой стыль"