З журналісткі запатрабавалі штраф за Плошчу-2010
Журналістцы Вользе Чайчыц адключылі мабільнік, пагражалі заблакаваць правы кіроўцы і забараніць выезд за мяжу.
Такім чынам судовая выканаўца Яна Васюк патрабавала аплаціць штраф за Плошчу-2010, паведамляе «Еўрарадыё».
20 снежня 2010 года Чайчыц асудзілі за Плошчу-2010 на 1 050 000 рублёў (недэнамінаваных). Яна аплаціла штраф 26 студзеня 2011 года. Аднак звестак пра аплату ў судовай сістэме чамусьці не засталося.
А на мінулым тыдні судовая выканаўца паведаміла Вользе праз месенджар, што штраф дагэтуль не выплачаны. Як доказ яна даслала фота пастановы 2016 года аб прымусовым спагнанні штрафу на падставе пастановы суда Маскоўскага раёну Мінску 2010 года.
«І я ёй стала пісаць: дашліце мне афіцыйную паперу пра тое, што я мушу паказаць аплату. А яна кажа, што нічога мне дасылаць не будзе і дастаткова таго, што яна мне ў Вайберы даслала пастанову суда. А, паводле закону, яны абавязаныя скласці афіцыйны дакумент, і толькі тады я мушу выплочваць. І яна мне зноў тлумачыць, што яна не можа скласці пастанову, і таму вы плаціце проста так!» — распавядае журналістка Вольга Чайчыц belsat.eu.
"Плацёжка ў мяне цудам захавалася. А калі б не? Я ж не абавязана яе захоўваць столькі часу. Прыйшлося б занава плаціць?" — абураецца журналістка.
Толькі пасля прад'яўлення дакумента ёй падключылі назад тэлефон.
Тым не менш Чайчыц падала скаргі ў пракуратуру Дзяржынскага раёну і ў аддзел прымусовага выканання на дзеянні судовай выканаўцы Васюк. Журналістка ўпэўненая, што на яе і яе блізкіх ідзе ціск за прафесійную дзейнасць.
Паводле euroradio.fm, belsat.eu