З чатырох лістоў блогера Шэрага Ката «Новы Час» не атрымаў ніводнага
Ліст ад блогера Дзмітрыя Казлова, які вёў стрымы на ютуб-канале «Шэры кот», атрымала Паліна Сцепаненка. Пра гэта яна піша на «Радыё Рацыя». Дзмітрый Казлоў сярод іншага згадвае, што ў мінулым годзе даслаў у «Новы Час» аж чатыры лісты. На жаль, ні адзін з іх у нашу рэдакцыю так і не прыйшоў.
Ліст №6 ад блогера Шэрага Ката (Зміцер Казлоў) да Паліны Сцепананка быў напісаны ў апошні дзень 2020 года — 31.12.2020 года.
Шэры Кот піша: «Уважліва сачу за тым, што адбываецца ў краіне. Думаю, што да 9 жніўня людзі і самі ад сябе такога не чакалі, тым больш, што ніхто не мог уявіць, колькі і ў якім фармаце будуць праходзіць сацыяльна-палітычныя працэсы ў краіне. Вельмі добра, што звяртаецеся ў СМІ, а то некаторыя пішуць, што пра мяне мала інфармацыі і па блогерах наогул, хаця і пішу вельмі шмат лістоў і адказваю ўсім, хто ўказвае свой адрас. За снежань толькі 130 лістоў напісаў, атрымаў нашмат менш, у цэлым лістоў было мала наогул. Са СМІ таксама думаў звязацца, пісаў у рэдакцыю “Брестской газеты“ да таго часу пакуль яны не зачыніліся (4 лісты), у рэдакцыю “Новага часу” (таксама 4 лісты), 1 ліст у рэдакцыю “Беларусь и рынок” , але ніякай інфармацыі, што дайшло хоць што-небудзь, зваротнай сувязі няма. (…) Здароўе пакуль у парадку, не падводзіць, але і больш яго тут не становіцца».
Адрас для ліставання: Казлоў Дзмітры Алегавіч 220030 вул.Валадарскага 2, СІЗА -1, к.63 г.Мінск.