З Акадэміі мастацтваў за два дні звольненыя 25 чалавек
Паводле работнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, толькі за два дні звольненыя 25 выкладчыкаў, у тым ліку і прарэктарка, якая бараніла адлічаных студэнтаў паведамляе «Свабода».

Год таму яны адмовіліся падпісаць адзін з праўладных лістоў, а таксама не захацелі ўступаць у дзяржаўны прафсаюз.
Некаторым супрацоўнікам ужо сказалі, што з імі не будуць працягнутыя кантракты, а іншыя ўжо атрымалі разлікі, паведаміла са спасылкай на пацярпелых Беларуская рада культуры.
Сярод звольненых — прарэктарка па вучэбнай працы Алена Бохан. Пацверджаннем таму — пустая графа з прозьвішчам насупраць яе пасады на сайце навучальнай установы.
Леташняй восенню з Акадэміі мастацтваў пачалі адлічваць студэнтаў, заўважаных на пратэстах. Алена Бохан не стала падпісваць адпаведны загад, а таксама ў ліку іншых супрацоўнікаў запатрабавала аднавіць іх у ВНУ.
Апошнім часам з розных куткоў Беларусі прыходзяць паведамленні пра масавыя звальненні людзей «за палітыку». Прычым цяпер прычынай страты працы не толькі народны артыкул «24.23», але і подпісы за «не тых» кандыдатаў на мінулых выбарах, удзел у назіранні, выказванне на працы сваёй пазіцыі.