Выстава "Прэс-фота Беларусі-2012" адкрываецца ў Варшаве

Выстава "Прэс-фота Беларусі-2012" адкрываецца ў Варшаве ў панядзелак у памяшканні Collegium Civitas, на 12-м паверсе Палаца культуры і навукі. Гэта трэцяя выстава гастроляў конкурсу ў Еўропе: пасля чэшскага Брно і польскага Кракава.



afisza_bpp_warszawa_2012.jpg

Працы пераможцаў незалежнага адкрытага конкурсу прадстаўлены ў васьмі катэгорыях: навіны, людзі ў навінах, партрэт, спорт, штодзённае жыццё, народныя традыцыі, прырода, мастацтва і забавы.

— Часам адзін удалы кадр дае ўяўленне пра сутнасць з'явы непараўнальна мацней за сухія лічбы статыстыкі ці графікі аналітыкі, — кажа адна з арганізатараў конкурсу фотарэпарцёр Юлія Дарашкевіч. — Мы хацелі б, каб пра жыццё Беларусі ў  дэталях: пра будні, пра святы, пра паразы і перамогі беларусаў маглі дазнацца ўсе цікаўныя да жыцця суседняй краіны і да нас, яе жыхароў. Па сутнасці, наша выстава — гэта магчымасць зазірнуць у Беларусь. Зазірнуць вачыма нашых аўтараў-пераможцаў.

Паводле каардынатара выставы ў Польшчы Юліі Рымашэўскай, тэма беларускай рэчаіснасці — вельмі неабыякавая палякам.

— Даволі часта ў польскіх гарадах можна сустрэць тыя ці іншыя акцыі салідарнасці з Беларуссю. Тут збіралі подпісы ў падтрымку Алеся Бяляцкага, распаўсюджвалі паштоўкі, каб даслаць яму за краты, выказвалі пратэст аднаму з еўрапейскіх банкаў, які падтрымлівае эканоміку Лукашэнкі. І ўсе гэтыя акцыі выклікаюць жвавы інтарэс з боку палякаў: яны не праходзяць міма, яны спыняюцца, цікавяцца, распытваюць падрабязнасцяў, яны суперажываюць і пытаюцца, чым дапамагчы. І гэтая выстава — яркая фарба ў палітры ўяўленняў пра жыццё такой блізкай да Польшчы, але такой іншай ад яе Беларусі.

baj.by