Вынесены чарговы прысуд за каментар у бок міліцыянта, які апынуўся на зямлі падчас пікета з Ціханоўскім
У судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёна вынесены прысуд выхавацельцы дзіцячага садка Святлане Анціпкінай. Суддзя Юліяна Шчэрба прызнала жанчыну вінаватай паводле арт. 369 КК і агучыла прысуд: 1,5 года «хатняй хіміі».
Жанчына ў
«Аднакласніках» пакінула «зняважлівы каментар, які ўтрымліваў ненарматыўную
форму рэчавага выказвання» пад допісам з фотаздымкам старшага лейтэнанта
міліцыі Ленінскага РАУС горада Гродна Уладзіміра Казлоўскага, якога прызналі
пацярпелым па справе. Свае маральныя пакуты ад каментара міліцыянт ацаніў у
1500 рублёў, паведамляюць праваабаронцы.
Гэта не
першы суд пасля падзей 29 траўня 2020 года з удзелам Казлоўскага. Ён быў
прызнаны пацярпелым на судовых працэсах па справах Дзмітрыя Фурманава, Яўгена
Разнічэнкі, Уладзіміра Кнігі, Руслана Літвіна, Андрэя Васілеўскага, Аляксандра
Анташкевіча. Агулам яны выплацілі міліцыянту 5500 рублёў маральнай кампенсацыі.