«Вы паказваеце ўсяму свету, як захаваць годнасць у сутыкненні з бязлітаснай уладай узурпатара»

«Сэнс існавання навуковых інстытуцый — у свабодзе навуковага пошуку і абмену думкамі. Яны ствараліся дзеля дыскусій з дапамогай аргументаў, а не міліцэйскіх дубінак», — адзначаецца ў адкрытым лісце Польскага таварыства народазнаўства

ptl_engduze_bialetlo.png


Адно са старэйшых польскіх навуковых таварыстваў — Polskie Towarzystwo Ludoznawcze (Польскае таварыства народазнаўства) — выказала салідарнасць з навуковай і акадэмічнай супольнасцю.

Адкрыты ліст Польскага таварыства народазнаўства да беларускіх навукоўцаў і студэнтаў

Польскае таварыства народазнаўства, што аб’ядноўвае этнолагаў Польшчы і належыць да найстарэйшых польскіх навуковых таварыстваў, выказвае шчырую салідарнасць з беларускай акадэмічнай супольнасцю, якая сёння падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму гвалту ў адказ на мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Брутальны фізічны гвалт, збіццё і арышты, уварванні ўзброеных атрадаў на тэрыторыю ўніверсітэтаў, абмежаванне магчымасцяў навукі і працы — усё гэта мы назіраем ад пачатку навучальнага года ў беларускіх акадэмічных інстытуцыях па ўсёй краіне. Гэта тым больш абуральна, што сэнс існавання такіх інстытуцый якраз у свабодзе навуковага пошуку і абмену думкамі. Яны ствараліся дзеля дыскусій з дапамогай аргументаў, а не міліцэйскіх дубінак.

З пачуццём шчырага захаплення назіраем за мірным змаганнем беларускіх студэнтак і студэнтаў, работніц і работнікаў навукі, усіх беларусак і беларусаў за праўду і свабоду, за права самастойна вырашаць лёс як усяго краю, так і свой уласны. Сёння вы паказваеце ўсяму свету, як захаваць чалавечую і грамадзянскую годнасць у сутыкненні з бязлітаснай уладай узурпатара, якая не толькі растаптала дэмакратыю, але таксама выступіла супраць правоў чалавека і ўсяго народа.

Мы выказваем шчырую салідарнасць з вашымі пастулатамі і верым, што вы пераможаце, з настойлівасцю і рашучасцю пакончыце з гвалтам, прымусіце сысці былога прэзідэнта, вызваліце ўсіх палітычных вязняў і арганізуеце новыя, вольныя і справядлівыя выбары.

Няхай гэта сціплае выказванне нашай салідарнасці ўмацуе ваш дух у справядлівай барацьбе за новую Беларусь — краіну для жыцця, у якой ёсць месца для ўсіх грамадзянаў.

Niech żyje Białoruś!

Жыве Беларусь!

Ад імя сяброў

Польскага таварыства народазнаўства

Галоўная ўправа PTL