У Польшчы выпусцілі дапаможнік па пераездзе для беларусаў

Што такое гуманітарная віза? Як прасіць прытулку ў Польшчы? Ці магу я атрымаць фінансавую дапамогу? Адказы на гэтыя пытанні падрыхтавала Асацыяцыя юрыдычнай дапамогі. Яны выпусцілі невялічкі дапаможнік, што падрабязна тлумачыць усе нюансы легалізацыі беларусаў у Польшчы, піша Белсат.

snimok_ekrana_2020_10_07_v_15.25.17.png


Дапаможнік для грамадзянаў Беларусі, якія хочуць выехаць у Польшчу — гэта зборнік юрыдычных парадаў. На 16 старонках дапаможніка можна ў даступнай форме адшукаць тлумачэнні, як уехаць у Польшчу ў часе пандэміі, што такое палітычны прытулак і статус уцекача, а таксама карысныя кантакты і спасылкі.
Распрацоўкай выдання займалася Асацыяцыя юрыдычнай дапамогі — неўрадавая арганізацыя, якая ўжо 15 гадоў займаецца дапамогаю ўцекачам і мігрантам у Польшчы.
«Мы сталі атрымліваць агромністую колькасць пытанняў ад белараусаў наконт прытулку ў Польшчы. Трэба было дапамагаць. Часцей за ўсё нас пыталіся, як з’ехаць, як атрымаць статус уцекача. Мы вырашылі падрыхтаваць кароткую інфармацыю, якая адказвала б на гэтыя пытанні. Напачатку наш дапаможнік складаўся з 5-6 старонак, але пакрысе разросся да 16 старонак, бо вырашылі яшчэ дадаць часткі пра эпідэмію і каранцін», — тлумачыць стваральніца дапаможніка, юрыстка Вольга Дабравольская.

Вольга Дабравольская. Крыніца: архіў гераіні

Вольга Дабравольская. Крыніца: архіў гераіні


Галоўная мэта брашуры — патлумачыць на пальцах, як выглядаюць працэдуры па легалізацыі ў Польшчы.
«Часта людзі прыязджаюць і пытаюць «А чаму такія законы? Як я буду жыць? Такія складаныя працэдуры!». Гэтая брашура мае на мэце зменьшыць узровень блытаніна. Ну і яшчэ мы хацелі паказаць людзям з Беларусі, да чаго трэба быць гатовымі», — гаворыць Вольга Дабравольская.
Фінальная версія дапаможніка была гатовая 1 кастрычніка. Распаўсюджваецца дапаможнік, перадусім, на старонцы Асацыяцыі ў Facebook. Таксама актыўна дапаможнік «шэраць» і самі беларусы.

Пра што дапаможнік?

Дапаможнік дзеліцца на тры часткі. Першая апісвае як легальна ўехаць у Польшчу цяпер. У ёй падрабязна тлумачыцца, хто можа ўехаць у Польшчу падчас пандэміі, якія тыпы візаў бываюць, дзе іх можна атрымаць. Не абмінулі і каранцін — у дапаможніку апісваецца, як адбываецца гэтая працэдура.
Другая частка тлумачыць працэдуру прашэння аб міжнароднай ахове. Там падрабязна апісваецца, як падаць заяву на статус уцекача, як выглядае працэдура, як даказаць, што вам пагражае небяспека. Таксама у дапаможніку ёсць кантакты прыёмных міграцыйных цэнтраў. Інакш кажучы, лагераў для ўцекачоў у Польшчы. Зараз ён працуе толькі ў Бялай-Падлясцы.
Адна з найбольш важных парадаў гэтай часткі дапаможніка:
«Калі вы не валодаеце польскай мовай, то ва ўсіх афіцыйных дзеяннях, якія вас датычаць, павінен прымаць удзел перакладчык мовы, якую вы разумееце. Выключэнне: выпадкі, калі супрацоўнік службаў/ установы дастаткова валодае вашай мовай. Вы маеце права дамагацца змены перакладчыка, калі дрэнна яго разумееце (або зусім не разумееце)».
У трэцяй частцы дапаможніка сабраныя кантакты арганізацыяў і ўстановаў з усёй Польшчы, якія займаюцца дапамогай асобам, якія звярнуліся па міжнародную абарону.
Таксама вы можаце звярнуцца ў Асацыяцыю юрыдычнай дапамогі. Цяпер гэта можна зрабіць нават знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі. На старонцы Асацыяцыі ўказаныя кантакты (e-mail і тэлефон) паводле якіх можна звязацца з юрыстамі арганізацыі. Калі вашае пытанне нескладанае, то, імаверна, адказ вам дадуць у той жа дзень.
Калі справа больш складаная (абскарджванне рашэння, справы звязаныя з гуманітарнымі візамі або нелегальным перабываннем), то вам прызначаць онлайн-кансультацыю.

Асноўныя парады

Што варта ведаць, каб пазбегнуць базавых памылак?
Звяртайцеся толькі да правераных крыніц. У інтэрнэце вельмі шмат чутак і неправераных звестак. Таму лепей спраўдзіць звесткі ў юрыстаў або ў тэматычных арганізацыяў і ўстановаў.
Падрыхтуйцеся змагацца за свае правы. Супрацоўнікі некаторых устаноў могуць намагацца адгаварыць вас ад падачы патрэбных заяваў, але варта не падавацца на гэтыя захады. Даведайцеся, як мусіць выглядаць працэдура, і пільнуйце ейнае выкананне.
Цярпенне. Легалізацыя ў Польшчы займае вялічэзную колькасць часу. Толькі паводле закону статус уцекача ў Польшчы можна атрымліваць мінімум 6 месяцаў. У рэальнасці гэтая працэдура цягнецца амаль год.