Вольга Кавалькова: «Мінгандлю — гэта забойца нашага народа»
Хрысціянскія дэмакраты перадалі 2000 подпісаў супраць продажу алкаголю на АЗС. "Алкагольныя напоі на запраўках — гэта нонсэнс... Запраўкі павінны гандляваць палівам для аўто, а не палівам для людзей", — лічаць яны.
У Мінгандлю, канцэрны Белдзяржхарчпрам і Белнафтахім, сеткі АЗС "А-100”, "Лукойл”, "Слаўнафта”, "Юнайтэд компані” актывісты Сацыяльна-хрысціянскага руху і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі накіравалі больш за 2000 подпісаў, сабраных пад калектыўных зваротам грамадзян аб забароне продажу алкаголю на заправачных станцыях.
"Беларусь ужо які год не сыходзіць з топа лідзіруючых пазіцый па колькасці ўжывання алкаголю. Сярэднестатыстычны беларус выпівае каля 15 літраў, пры тым што крытычны ўзровень — 8 літраў. Асноўная прычына гэтага — абсалютная дасяжнасць алкаголю, адсутнасць нармальнай дзяржаўнай палітыкі, якая б думала ў першую чаргу пра людзей. Алкаголь у нас прадаецца паўсюль: на запраўках, у крамах, на касах. У Мінскай вобласці на адну гандлёвую кропку, якая прадае алкаголь, у сярэднім прыходзіцца 550 жыхароў, у Менску — і таго меней. Калі параўнаць гэты паказчык са Швецыяй, то ён адрозніваецца ў 40 разоў: там толькі 436 крамы на ўсю краіну, якія гандлююць алкаголем, а насельніцтва Швецыі такое ж, як у нас. Алкаголь прадаецца ў Швецыі з панядзелка па пятніцу з 10 да 20, у суботу з 10 да 15, а ў нядзелю не прадаецца ўвогуле. І 77% насельніцтва падтрымлівае такую палітыку”, — адзначыла лідар СХР Вольга Кавалькова.
"Алкагольныя напоі на запраўках — гэта нонсэнс, нідзе ў Еўропе вы такога не ўбачыце, і гэта правільна, бо запраўкі павінны гандляваць палівам для аўто, а не палівам для людзей. І мы будзем з гэтым змагацца і прымушаць уладу карэктаваць сваю палітыку, каб яна ў першую чаргу думала пра людзей і пра тое, што кожны год эканамічныя страты ад алкагалізму дасягаюць 7% ад ВУП. Мінгандлю — гэта забойца нашага народа, бо гэта асноўнае ведамства, якое з’яўляецца лабістам шырокага продажу алкаголю”, — дадала яна.
Вольга Кавалькова нагадала, што рэакцыя ўладаў суседняй Літвы на вельмі высокае месца ў алкагольным рэйтынгу была імгненнай: быў павялічаны ўзроставы цэнз для пакупкі алкаголю і абмежаваны час продажу. "Мы чакаем ад нашых уладаў эфектыўных мер па змяншэнні ўжывання алкаголю — абмежавання часу продажу, вынасу продажу алкаголю ў асобныя аддзелы крамаў, стварэнне дасяжнай інфраструктуры для баўлення часу і праграмы прафілактыкі ўжывання алкаголю, а таксама дапамогі людзям і сем’ям, у якіх злоўжываюць алкаголем”, — падкрэсліла кіраўнік СХР.