Вольгу Дашкевіч пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам

Учацверы ў Старых Дарогах адбылося пахаванне маці палітвязня Змітра Дашкевіча, у якой раптоўна спынілася сэрца ўначы на 26 красавіка. Галоўным пытаннем жалобнага мерапрыемства было, ці адпусцяць зняволенага сына на пахаванне маці.

Учацверы ў Старых Дарогах адбылося пахаванне маці палітвязня Змітра Дашкевіча, у якой раптоўна спынілася сэрца ўначы на 26 красавіка. Галоўным пытаннем жалобнага мерапрыемства было, ці адпусцяць зняволенага сына на пахаванне маці.

Суд Маскоўскага раёна, у якім разглядалася крымінальная справа Змітра Дашкевіча, дазвол даў у сераду ўвечары, аднак кіраўніцтва СІЗА №1 (Валадарка) загадала сваякам прыходзіць зранку ў чацвер — маўляў, там усё і вызначыцца. Раніцай у дзень пахавання кіраўнік Валадаркі абвясціў, што Змітру Дашкевічу дазволена прысутнічаць 30 хвілін на развітанні з маці ў моргу Слуцка, у дарозе хлопца будзе суправаджаць канвой з  машыны ДАІ, міліцэйскага “буса і мікрааўтобус з супрацоўнікамі КДБ.
У Слуцку не ўсе прысутныя змаглі пабачыць Змітра Дашкевіча: канваіры прапусцілі ў залю развітання толькі 6 чалавек — сваякоў і блізкіх сяброў Дашкевічаў, а калі хлопца ўжо вывелі з залі, супрацоўнікі міліцыі пусцілі да труны ўсіх астатніх. Мне давялося пабачыць Змітра Дашкевіча, які, напружаны, як струна, з акамянелым тварам, моўчкі ўглядаўся ў нежывую маці і цалаваў руку старога бацькі. Канваіры знялі кайданкі са Змітра Дашкевіча, і хлопец змог некалькі разоў абняць удзельнікаў трагічнай цырымоніі. Юнак нічога не казаў, акрамя таго, што шэптам падзякаваў людзям за спачуванні і папрасіў усіх трымацца, а  таксама падтрымаць ягонага састарэлага бацьку — Вячаслава Дашкевіча. Праз паўгадзіны Змітра Дашкевіча вывелі з залі і павезлі назад у Мінск, не дазволіўшы пабыць на самім пахаванні. Дарэчы, канваіры пільнавалі Дашкевіча і падчас развітання: у залі знаходзілася некалькі міліцыянтаў і супрацоўнікаў у цывільным, якія, праўда, тактоўна маўчалі.
Пасля цырымоніі развітання машына з труною выправілася ў Старыя Дарогі, дзе жылі Вольга і Вячаслаў Дашкевічы. На пахаванні прысутнічалі мясцовыя грамадскія актывісты, маладафронтаўцы і іх бацькі,  грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч,  і маці Яны Паляковай — праваабаронцы з Салігорску, якая некалькі гадоў таму пасля ганебных артыкулаў у “Советской Белоруссии скончыла жыццё самагубствам. З Мінску прыехаў пастар Антось Бокун з пратэстанцкай царквы “Ян Прадвеснік (якую наведваў Зміцер Дашкевіч) і юрыст пратэстанцкай царквы “Новае жыццё Сяргей Луканін.
Не абышлося і без непрыемнага інцыдэнту: праваслаўны святар, які адпяваў нябожчыцу, па сканчэнні цырымоніі зрабіў заўвагу прысутным наконт бел-чырвона-белага сцяга, якім накрылі труну. Тым не менш, пахавалі Вольгу Дашкевіч пад беларускім нацыянальным сцягам.
У чацвер увечары ў Мінску ля Чырвонага касцёла адбылася супольная малітва за Вольгу Дашкевіч, у якой прымалі ўдзел Вольга Бандарэнка, Ала Саннікава, Алена Ліхавід і іншыя сваякі палітвязняў.
Нагадаем, Вользе Дашкевіч было ўсяго 54 гады. Апошнім часам з-за перажыванняў за зняволенага сына жанчына кепска пачувалася. Маці і сын не бачыліся больш за палову года. І ўжо ніколі не пабачацца.