Вольга Някляева: Жывы ці мёртвы муж?
Жонка Уладзіміра Някляева 27 снежня а 9-й гадзіне будзе дамагацца трапіць на прыём да Генпракурора. Яна мае намер патрабаваць даць звесткі — жывы ці мёртвы яе муж.
Жонка Уладзіміра Някляева 27 снежня а 9-й гадзіне будзе дамагацца трапіць на прыём да Генпракурора. Яна мае намер патрабаваць даць звесткі — жывы ці мёртвы яе муж.
Аб гэтым “Новаму часу паведаміў пісьменнік Уладзімір Арлоў. “Самым бесцырымонным грубым чынам парушаныя не толькі юрыдычныя нормы, але і нормы гуманітарныя, — лічыць ён. — Жонка Уладзіміра Някляева і ягоныя сваякі не ведаюць, жывы ён ці не. Доказаў таго ці іншага яны не могуць атрымаць ужо цэлы тыдзень. І гэта сітуацыя павінна вырашыцца як мага хутчэй. Бо яна і не на карысць цяперашней уладзе, апроч усяго іншага.
Нагадаем, што ў дзень выбараў 19 снежня кандыдата ў прэзідэнты, паэта Уладзіміра Някляева збілі байцы ў чорнай вопратцы. Ён быў дастаўлены ў мінскую Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, дзе абвясцілі дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма і страсенне мозгу. Някляеву паставілі капельніцу. Аднак прыкладна а палове на першую ночы ў палату ўварваліся невядомыя ў цывільным. Някляеў не мог трымацца на нагах, яго кінулі на коўдру і пацягнулі па падлозе. Яго жонку, Вольгу Някляеву, зачынілі ў палаце.
З таго часу пра Някляева нічога невядома. Лукашэнка, у якога запыталіся пра кандыдата падчас прэс-канферэнцыі 20 снежня, сказаў, што ён у следчым ізалятары. У СІЗА КДБ зараз знаходзіцца 21 чалавек. Яны абвешчаны падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (артыкул 293), узбуджанай пасля акцыі пратэсту 19 снежня. Аднак адвакаты да Някляева не могуць трапіць, што выклікае шмат пытанняў.
“Калі не дапускаюць адвакатаў, пачынаюць думаць пра самае горшае, — заявіў Уладзімір Арлоў. Калегі і сябры Някляева заклікаюць прыйсці да Генпракуратуры ўсіх неабыякавых людзей.