Вядучая Кацярына Пытлева, якая з'ехала з Беларусі: На мяне паступіў ананімны данос
Вядучая Кацярына Пытлева апошнія два месяцы жыве ў Літве. Яна з'ехала разам з мужам і дзецьмі пасля таго, як даведалася, што ёй можа пагражаць крымінальная справа. Пра «ананімку», званкі з міліцыі і новую працу яна расказала «Нашай Ніне».
«Я ніколі не хацела з’язджаць з Беларусі, нават пасля першых арыштаў калег яшчэ восенню, — кажа Кацярына. — Некалькі разоў, калі суседзі казалі пра сачэнне пад пад’ездам, я з дзецьмі з’язджала і некалькі тыдняў не жыла дома.
Але Следчы камітэт, можна сказаць, сам падштурхнуў нас да
гэтага рашэння. Бо адседзець суткі я гатова, муж ужо адседзеў, а вось атрымаць
тэрмін па выдуманай прычыне і праз ананімны данос я не хацела. І зразумела, што
буду больш карысная на волі, няхай і ў іншай краіне».
Пасля таго як у ліпені вядучая сышла з БТ, ціск не
скончыўся. Праз пару месяцаў яе звольнілі з радыё, і Кацярына засталася без
працы наогул. Узніклі пытанні і да ІП яе мужа Аляксея.
«Яго выклікалі ў РУУС і так і заявілі — паступіла
распараджэнне разабрацца ў эканамічнай дзейнасці. Хоць яго ІП існавала менш за
год і супрацоўнічала ўсяго з адным заказчыкам (Аляксей рыхтаваў кантэнт для
радыё), ніякіх парушэнняў не было».
Пасля з міліцыі патэлефанавалі Кацярыне. Маўляў, паступіў
ананімны данос, што яна абразіла дзяржаўны герб у сацсетках, ідзе праверка.
Задавалі пытанні пра пост, дзе вядучая размясціла фотакалаж беларускага герба,
у якім замест кветак — чорныя дубінкі, а ў цэнтры — шлем амапаўца.
«Па гэтым артыкуле (370 Крымінальнага кодэкса) мне
маглі прыпісаць тэрмін да года абмежавання волі. Мы параіліся з адвакатам і
вырашылі з’ехаць, бо ва ўмовах прававога дэфолту ў нашай краіне гэтыя праверкі
маглі скончыцца так, як скончыліся для многіх палітычных вязняў», — дзеліцца
Кацярына. Павестка ад следчых ёй прышла, ужо калі яна з сям’ёй была за мяжой.
Зараз Кацярына жыве ў Літве. Працуе на ютуб-канале «Маланка
медыя». Далучыцца да каманды яе запрашалі яшчэ летам, але тады вядучая не была
гатова да пераезду.
«Мне радасна, што мой вопыт працы на тэлебачанні працягам
амаль у 25 год знайшоў прымяненне, адчуваю сябе карыснай і займаюся важнай і
любімай справай. На «Маланцы» я з’яўляюся аўтарам і вядучай двух праектаў — праграмы
«Што добрага?» і дайджэста галоўнага за тыдзень «Усё адразу». Я сама пішу
сцэнары і мантую. Таксама я стала праграмным дырэктарам канала, так што
спатрэбіўся не толькі мой вопыт працы ў кадры».
Аляксей раней, апроч ІП, працаваў у Беларускім міжбанкаўскім
разліковым цэнтры. А ў Літве таксама далучыўся да каманды канала: выпускае
прамы эфір, мантуе ролікі, робіць графічныя элементы. «Ён даўно хацеў працаваць
у гэтай сферы, і навыкі былі», — дадае Кацярына.
Малады ютуб-канал збірае шмат праглядаў. Для выпуска навін
гэта можа быць 50-100 тысяч, асобныя інтэрв’ю — каля 270 тысяч.
«Думаю, цяпер людзям неабходныя новыя крыніцы інфармацыі, бо
традыцыйныя — тэлебачанне і радыё — сябе дыскрэдытавалі. Асабліва вялікі запыт
на незалежныя медыя і шчырую падачу інфармацыі, і менавіта таму «Маланка» так
хутка расце», — мяркуе журналістка.
У камандзе праекта 10 чалавек. Канал плануюць развіваць па
прынцыпе грамадскага тэлебачання. У хуткім часе збіраюцца запусціць сістэму
платнай падпіскі і данатаў на асобныя праекты.
«Адчуваю сябе на сваім месцы, і мяне вельмі падтрымліваюць
каментары ад маіх даўніх гледачоў і прыхільнікаў маіх мінулых тэлевезійных
праектаў. Але галоўнае — мы стараемся натхняць тых, хто хоча перамен, і,
мяркуючы па водгуках, у нас атрымліваецца», — апісвае Кацярына ўражанні ад
новай працы.