Вінцук Вячорка: Уладзе такія ўзнагароды не вельмі і патрэбныя

Што дасць Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч для Беларусі? Пра гэта грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка распавядае "Радыё Рацыя".



a33aae22_7a19_4cd8_8f60_9f597978dcc5_w640_r1_s_logo.jpg

Вінцук Вячорка: Яна дасць веданне таго, што ёсць такая краіна ў свеце, як Беларусь. І гэтае веданне не будзе звязана толькі з беларускай уладай.

РР: Можна нейкім чынам вызначыць масштабнасць гэтай падзеі?

Вінцук Вячорка: Можна сказаць адно — гэта вельмі значная падзея для краіны, але цяпер шмат што залежыць ад самой Святланы Алексіевіч. Наколькі яна сінхранізуе свой новы статус з усведамленнем таго, што яна прадстаўляе менавіта краіну Беларусь і беларускі народ.

РР: На ваш погляд, для ўлады — гэта таксама значная падзея?

Вінцук Вячорка: Я думаю, што для іх у нейкім сэнсе гэта непрыемная падзея. Найбольш вядомым у свеце павінен быць адзін чалавек, які прадстаўляе Беларусь. Усе іншыя яму непадкантрольныя знакавыя фігуры становяцца канкурэнтамі.

РР: Беларускае тэлебачанне прысвяціла перамозе Святланы Алексіевіч зусім нязначную частку часу.

Вінцук Вячорка: Гэта было прадказальна, хаця хітры рэдактар адной дзяржаўнай газеты яшчэ загадзя рыхтаваўся, каб сказаць, што ён вітае гэтую перамогу. Але навіна для іх усё роўна — далёка не галоўная. Зразумела, што каманды зверху не было. Урэшце, і беларускі лідар павіншаваў Святлану з вялікім спазненнем. Але ў параўнанні з Нобелеўскімі лаўрэатамі савецкіх часоў у нас ёсць нейкі крок наперад. Тым не менш, відавочна — уладзе такія ўзнагароды не вельмі і патрэбны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя