Віктар Сазонаў: Урокі гісторыі
Гэта пазней ужо была вызначаная дата, калі пачалася Першая сусветная вайна.
![sazonauv.jpg sazonauv.jpg](/img/v1/news/full/sazonauv.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ды і назвалі яе так толькі пасля Другой сусветнай. А напачатку гэта было толькі жорсткае і цынічнае забойства аднаго чалавека. Хоць і вельмі ўплывовага, але аднаго. Хто б мог падумаць тады, у якія ахвяры і пакуты гэтае забойства выльецца. Тады сапраўды было даволі цяжка гэта прадказаць. Не было яшчэ гістарычнага досведу, як пачынаюцца і да чаго прыводзяць сусветныя войны. Свет імкліва і незразумела мяняўся пад уплывам новых ідэалогій, а барацьба арганізацыі “Млада Босна”, да якой і належаў забойца, многімі ўспрымалася як натуральная. Бо грунтавалася яна на аптымістычных лозунгах аб’яднання ўсіх паўднёвых славян у адну вялікую краіну. Усяго толькі. Ідэя як ідэя. А вось метады рэалізацыі…
Зараз жа ў адну вялікую краіну нехта хоча аб’яднаць ужо ўсіх ўсходніх славян. І гэтая ідэя на першы погляд здаецца не больш небяспечная, чым у “Млада Босны”. Розніца, хіба што, толькі ў геаграфіі. А вось метады, напэўна, застаюцца тыя ж. І як вынік, такімі ж могуць стаць і наступствы. Калі своечасова не прыкласці сілы ўсяго чалавецтва, каб іх пазбегнуць.
Вось, прыкладам, Другой сусветнай вайны ўжо можна было калі не пазбегнуць, то хоць прадказаць яе непазбежнасць. Ці нават супакоіць агрэсара ад пачатку. Гістарычны ж досвед ужо быў ад Першай сусветнай. І ахвяраў тады магло б быць менш. Але пакуль Трэці рэйх збіраў у адну вялікую краіну гэтым разам усё нямецкае насельніцтва, еўрапейскія палітыкі сапраўдны пачатак вайны праспалі. Можа таму яе афіцыйным пачаткам лічыцца дата, калі ўжо былі пад фашысцкім ботам і чэхі, і аўстрыйцы, а будучыя ахвяры гітлерызму закрывалі на гэта вочы падпісанымі з Германіяй дамовамі пра ненапад.
Агрэсара ўтаймавалі толькі заплаціўшы за сваю нядбайнасць жудасны кошт. Таму вялікім гэтага свету, ад каго залежаць рашэнні, хіба трэба ў будучым быць больш пільнымі. Але як трапна падмеціў адзін мудрэц, гісторыя вучыць толькі таму, што нічому не вучыць. Ці то гісторыкаў ніколі да ўлады не дапускаюць, ці то далезшы да ўлады, гісторыкі гісторыю забываюць адразу і назаўсёды, але гістарычных аналогій і паралеляў вялікія гэтага свету бачыць не жадаюць. Хоць гэтымі гістарычнымі прыкладамі ім ужо даўно ў вочы тыкаюць.
І нават зараз, калі ўсходняя баявая тэхніка топча ўкраінскую зямлю, заходні свет працягвае ўгаворваць расейскае кіраўніцтва не ўводзіць ва Украіну войскі. Але ж яны ўжо даўно там! Якая б не была ідэя іх прыходу, метады уводзяць у стан жаху.
Яны ідуць без сцягоў, без пагонаў, без іншых вайсковых знакаў… Стары савецкі прыёмчык.
Некалі і мяне паслалі служыць у Чэхаславакію, і каб схаваць, што там ёсць спецыяльныя дэсантныя войскі, загадалі зняць дэсантныя мундзіры.
Толькі нашы камандзіры тады не паслухаліся начальства. Наверх адрапартавалі, што загад выкананы, а нам сказалі пагоны не чапаць, цяльняшкі не здымаць, берэтамі ганарыцца.
Бо жаўнер без мундзіра — гэта не жаўнер, а бандыт. Ён не мае вайсковай славы, не мае вайсковага гонару, адвагі, ідэі… Нічога не мае. Нават Радзімы не мае. А толькі як бандыт будзе дрыжэць за сваю скуру і крыўдзіць слабых ды нявінных.
І праўду казалі. Бо зараз самыя бачым, як галоўнакамандуючы Расіі, ён жа і кіраўнік яе, разам з міністрам узброеных сіл, адмовіліся ад сваіх беспагонных салдат, заявіўшы, што іхных ваякаў там няма. Маўляў, нейкія людзі з зброяй лазяць, але гэта не расійскае войска. Ну і праўда. Ці ж можна называць войскам узброеныя атрады без вайсковай ідэнтыфікацыі, дзе нават твары ваякаў адмыслова схаваныя ад цывільнага насельніцтва. Сапраўдныя афіцэры ад такога сораму маглі б застрэліцца.
Зрэшты, не пра іх цяпер. Бо ваенныя ўжо нічога не вырашаюць. Працэс пайшоў.
Некалі пасля, гэтую вайну неяк назавуць. Можа нават Трэцяй сусветнай. Не дай Бог, канешне. І дату яе пачатку вызначаць. Можа гэта будзе дата рэферэндуму ў Крыме, за ўваход у Расею. А можа дата пераходу першым рускім ваенным украінскай мяжы. А можа дата нападу Расеі на Грузію. Ці нават дзень, калі Ельцын адрокся ад улады на карысць Пуціна.
І тады нашчадкі дадуць гістарычную ацэнку ўсім сённяшнім палітыкам, калі іх так можна назваць. І будуць не разумець, як людзі, якія атрымліваюць прэстыжныя прэміі і называюць сябе палітыкамі, і ў руках якіх ёсць мацнейшыя разведкі і рэсурсы, маглі праміргаць сапраўдную небяспеку, а займаліся трэцімі справамі.
Але як ні парадаксальна, чым закончыцца расійска-ўкраінскі канфлікт залежыць зараз усё ж выключна ад гэтых ад палітыкаў. Ад тых палітыкаў, якім гісторыя, на папярэдніх прыкладах, паказвае, чым можа ўсё скончыцца. Першая сусветная скончылася развалам ажно чатырох імперый: Германскай, Асманскай, Аўстра-венгерскай і Расійскай. Ёсць пра што задумацца тым, хто сёння адраджае імперыю. У Другой сусветнай нават краіны-пераможцы вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх калоній. І гэты працэс быў незваротны. Ну, а што стала з Германіяй, таксама ўсе ведаюць. Зноў прычына задумацца і пачытаць гісторыю і сённяшняму расейскаму кіраўніцтву. І не тую гісторыю, якую яны самі напісалі і прымушаюць яе вывучаць свой народ. А сапраўдную.
Толькі ці застаўся ў іх час, каб пачытаць гістарычны падручнік.