Віктар Марціновіч: Айцішнікі з Марса

У беларускім грамадстве гадоў 7 таму завяліся іншапланецяне. Таварышы, на якіх законы нашай гаротнай сацыяльнасці ніфіга не распаўсюджваюцца. Грамадзяне, якія маюць прынцыпова іншую побытавую культуру і для якіх ніякія нашыя абмежаванні ды законы проста не пісаныя.



f444917eee0c583b4aa53be743585639.jpg

Не, я гавару не пра спартоўцаў, бо пра спартоўцаў у сваім жыцці я ўжо ўсё сказаў. Я кажу пра супастаўляльную з імі па памерах касту, якая пры гэтым старанна сядзіць у цені, бо там, у змроку, адчувае сябе ўтульна. Я кажу пра IT-спецыялістаў. Тых самых, якія маглі б называцца «хіпстарамі», калі б слова «хіпстар» прадугледжвала хаця б палову з тых шыкоўных адметнасцяў, якімі яны заўважныя.

Сённяшні айцішнік выраз з «камп’ютаршчыка», «хакера» ці «сісадміна» дзевяностых. Тыя персанажы, пры ўсёй іх неадсюльнасці, былі ўсё ж у першую чаргу камічнымі. Бо працавалі яны на звычайных беларускіх фірмах, знаходзіліся пасярод паненак з начосам і на абцасах, а камп’ютары, жыццё якіх забяспечвала гэтая каста, падлічвалі рэчы зразумелыя і паўсядзённыя: продаж камбікорму, адпусканне прадукцыі са складоў РУП і гэтак далей. Бухгалтэрыя 1С, эксэль, антывірус Касперскага. Ну, вы памятаеце. Так, ад «камп’ютаршчыка» патыхала не нашай логікай, згадаць толькі тых часоў анекдоты пра іх: «Спыняе ДАІшнік сісадміна, кажа: «Вашы правы». Той адказвае: «Канечне, Admin». Яны выглядалі па-іншаму і вялі іншы лад жыцця ў сваіх крахюткіх серверных, у якіх нармалёвы чалавек задыхнуўся б праз гадзіну. І, дарэчы, ужо тады плацілі ім някісла.

Сучасны айцішнік — гэта такая ж незразумелая, іншапланетная істота, як і тыя «сісадміны», але з істотнай адметнасцю. Ён болей не працуе сярод людзей. З той пары, калі ў краіну прыйшла такая цудоўная з’ява, як афшорнае праграмаванне, яны болей не сілас сваімі камп’ютарамі вымяраюць, а пішуць праграмныя коды для ствараных у Каліфорніі гульняў, у якія гуляюць дзеці тых, хто працягвае гандляваць сіласам. Яны болей не працуюць тут. Яны працуюць там, а жывуць тут.

Пра тое, як працуюць айцішнікі, па Мінску ходзіць шмат чутак. Напрыклад, кажуць, што біблія постхіпстараў, кніжка «Бобо ў раі», ужо даўно прыладжаная да жыццёвых звычак гэтых людзей. У іх офісах можа не назірацца іерархіі, іх працоўныя прасторы могуць хутчэй нагадваць зялёныя зоны для медытацыі. Звычайна яны здымаюць для сваіх «айцішных кам’юніці» (фірмамі іх назваць складана) агромністыя маёнткі ў Калодзішчах, і там, на лужках, смажаць каралеўскія крэветкі, праграмуюць, адпачываюць, гуляюць у фрысбі і займаюцца шмат чым, што не бачна з-за платоў.

Гэта замкнёная і цалкам аформленая субкультура, цікавейшая за цыганскую ці тую, што мы бачым у беларускіх мусульман Іўя. У гэтай публікі яшчэ з часоў сісадмінаў ёсць свая мова, якую мы, простыя смяротныя, фіг зразумеем. У іх ёсць свае жартачкі, якія ўсе могуць складацца з фрагментаў коду з нейкімі аднымі ім бачнымі памылкамі. У іх ёсць свае месцы сустрэч, і такі феномен, як «Антыкавярня «Дом Фішара» мог з’явіцца выключна ў горадзе, дзе ёсць афшорнае праграмаванне. Яны маюць мары — так, большасць знаёмых мне айцішнікаў мараць набыць даміну за горадам, «метраў 600», але праз уласную ляноту ды дафенізм сканчаюць тым, што проста з’язджаюць у Тайланд і пачынаюць «афшорыць» адтуль.

Яны нават маюць свае аўтамабільныя перавагі: 3–4 гады таму ўсе айцішнікі дружна перліся з амерыканскіх аўтамабіляў ды масава скупалі Vibe. На чым яны ездзяць цяпер, сказаць не магу, бо мае знаёмыя айцішнікі нешта так абленаваліся, што пачалі часцей карыстацца таксоўкамі, чым уласным транспартам.

Можна нават казаць пра тое, што ў Мінску паўстаюць купінкі шчыльнага аселага пражывання айцішнікаў. Праз нецікавасць да фізкультуры і спорту ў агрэсіўным асяродку гапнізаванага беларускага горада яны вымушаныя трымацца разам, як тыя вожыкі, перад калоніяй якіх паўстала пагроза вынішчэння драпежнікамі. І таму калі адзін айцішнік набывае кватэру ў Зялёным Лузе, хутка побач з’явіцца цэлая анемічная брыгада.

budzma.by__wp_content_uplo_86535848ce699cac97d9039f5483dd40.jpeg

У прынцыпе, нічога страшнага ў гэтым няма: людзі яны пераважна ціхія, бо ўвесь тэмперамент сыходзіць у клавіятуру ды манітор. Але, як прынята ў нас казаць, з прыбабахам. Адзін чалавек акурат з Зялёнага Лугу расказаў пра суседа-айцішніка, які зімой і летам ездзіць на ровары. Ну вось такая звычка і ўсё. «Як ён да сядла яйцамі не прымярзае, не зразумею», — дзяліўся чалавек.

Галоўнае ж дзіва айцішнікаў — у тым, што яны, нібы тыя вампіры, працуюць па начах. Бо іх замоўцы і працадаўцы ў найлепшым выпадку знаходзяцца за акіянам (у найгоршым — у іншай галактыцы, але вы пра гэта ніколі не даведаецеся), і пакуль увесь дом спіць, каб падрыхтавацца да ранішняй змены на заводзе, у гэтых пудзілаў «скайп-справаздача». Калі айцішнік завёўся ў вас за сценкай, увесь час у цемры вы будзеце чуць грукат пальцаў па клавіятуры, скрыгат ускрываных банак з «Бёрнам» ды дэманічныя раскаты смеху — калі на якім-небудзь сваім айцішным рэсурсе, кшталту Habrahabr.ru, айцішнік прачытае аднаму яго чарнакніжнаму розуму зразумелы жарт.

Не, ну ладна: ёсць у нас і іншыя таварышы, што працуюць начамі, напрыклад, кіроўцы таксовак. Ёсць і болей адметныя дзівакі, напрыклад, супрацоўнікі псіхіятрычных клінік, культурныя журналісты ці, прабачце за згадку ў праваслаўны пост, пісьменнікі. Але што вылучае айцішнікаў з гэтага шэрагу фрыкаў? Тое, што заробкі ў іх непрыстойныя па беларускіх мерках.

Сярэднямесячны прыбытак афшорнага IT-спецыяліста звычайна вызначаецца формулай «2k+», у якой «k» азначае зусім не кілабайт. З псіхаў у нашай паспалітай культуры прынята смяяцца, але як ты пасмяешся з чалавека з фіялетавымі валасамі і завушніцай у губе, які за тыдзень зарабляе ў чатыры разы болей, чым ты за месяц на заводзе? І пры гэтым катаецца на ровары. Гэта значыць, на бензіне эканоміць, падлюка!

Калі бізнесоўцы маюць звышпрыбыткі ў нашай небагатай в обшчэм-та краіне, да іх непазбежна прыходзяць. Цуд IT у тым, што айцішнікі — нябачныя і празрыстыя. Болей за тое, яны ў асноўнай сваёй масе акуратна плацяць падаткі. І ім няма што “прад’явіць”. Але ўявіце сабе: у такім горадзе, як Мінск ёсць фірмы, якія за мінулы год зарабілі 200 млн еўра. І гэты бізнес у іх не забраць! Бо нават калі нацыяналізуеш, незразумела, што рабіць далей. Гэта ж не камбікорм, не сілас і не калій.

Так айцішнікі працягваюць бестурботна існаваць. Цуд некранутай прыроды. Іх статус — як статус беларускай мовы некалі ў культурных установах БССР: вакол — нельга, тут — можна. Яны як спартоўцы, якім таксама можна. Але спартоўцы — гэта гонар дзяржавы. А айцішнікі — яе ж, той дзяржавы, незразумелае. Бо каб зразумелі, як, ужо даўно б… Найбольш прыемнае асабіста для мяне ў назіранні за гэтым феноменам — тое, што розум ды галава тут яшчэ нешта вырашаюць!

Віктар Марціновіч для budzma.by