Віктар Марціновіч: «Дэльфін» напісаў саўндтрэк да сучаснасці

Як вы маглі заўважыць, я ніколі не пішу эсэ пра музыку. Хаця б адна сфера павінная захавацца для чыстай асалоды. Па-за аналізам. Каб пачуцці, якія ўзніклі ў душы ад трапнай рыфмы ці дасканалай мелодыі, не пачыналі выбудоўвацца ў наратыў. Каб галава выключалася. Музыка — для сябе. І для літаратуры.

dfrrjizwynm.jpg

То можна ўспрымаць усё выкладзенае ніжэй як вельмі асабістую рэкамендацыю. Калі каротка — паслухайце апошні альбом «Дэльфіна» «442». Вось проста цяпер, пакуль браўзер штохвілінна выкідае мегабайты сканцэнтраванага людскога гора, пакуль адзін чыноўнік просіць прабачэння ў Пуціна, хаця мусіў бы ў бацькоў, а іншы папракае ў «піяры» чалавека, які страціў у полымі трох дзяцей. Адкрыйце стрымінг і паслухайце гэтыя сем трэкаў. Яны больш скажуць вам пра сучасны дзікунскі свет, чым каментары прафесійных плакальшчыкаў у сеціве.
Нас заставляют горетьБросая файеры слов
В сломанное на треть
Устройство наших голов
Будущее детей
Штыком упирается в спину
Мы строим для них дома из костей
Кровь превращая в глинуНам говорят, вы должны все свои жизни Родине
Но мы же ведь более чем сложны
Вроде бы
Мае адносіны з «Дэльфінам» заўсёды былі насцярожана аддаленымі. Як і ўсе постсавецкія пацаны, узгадаваныя вуліцай, махачам на раёне і гітаркай пад пад’ездам, я па-гопніцку радаваўся праўдзе «Мальчышніка». Далей быў універсітэт, аспірантура, і вось ужо на гэтым этапе (1999 год), выпадкова пачуўшы «Любоў», я здранцвеў ад таго, як моцна змяніўся Андрэй Лысікаў, якія прыгожыя і дэпрэсіўныя вершы пачаў выконваць. Гэта было як з «Песнямі Мальдарора» графа Латрэамона, якія я набыў прыкладна на гэтым жа этапе: я прызнаваў, што гэта прыгожа, але палюбіць такое не меў месца ў сэрцы. Недзе ў прамежку паміж «Любоўю» і «442» была абсалютна чароўная «Вясна», кліп якой мяне крануў нават больш за задуменны рэчытатыў.
І вось «Дэльфін» бабахнуў.
Калі зноў жа каротка, сутнасць цяперашняга моманту ў наступным. Мы чакаем і чакаем ад культавых музыкаў, на песнях якіх некалі гадаваліся, што яны расчуюць жудасць, якая лунае ў паветры, і выкажуць яе. Так, каб стала зразумелым. Але ні Макарэвіч, ні БГ не здольныя адказаць на тэлевізійныя навіны так, каб гэта абараніла тваю псіхіку і паказала, што ты не адзіны ў сваім бачанні свету. Так некалі зрабіў Міхалок сваімі «Воінамі святла». І гэтае чаканне зацягваецца, і чамусьці знаныя і правераныя лажаюць раз за разам — і нават Moby, які некалі здольны быў сказаць усё ў Extreme Ways, быццам заблытаўся і заняўся самапошукам. І вось раптам «Дэльфін» вынырвае са сваіх псіхадэлічных дайвінгаў, глядзіць Кісялёва і выдае:
В город вошло утроТанцующим ребенком в тишине
И стало видно, как было трудно
Вчера тебе и мнеВернуться домой по знакомым улицам
Через безнаказанное хамство безликой толпы
Через город, полностью отданный курицам
Все еще бегающим без головы
Нечакана «Дэльфін» зрабіўся большым рэперам, большым скандалістам за Oxxxymiron’а, бо пранікнёны голас наратара з «442» закранае тэмы, якія старанна абыходзіць «дзёрзкі» Мірон. Бо адна справа — расказаць гісторыю прыдуманага губернатара з «Горгарада» і зрабіцца ў рэпе нечым кшталту Ксеніі Сабчак (быццам і рэвалюцыянер, але на «Вячэрняга Урганта» завуць), а іншая — паставіць дыягназ насельніцтву ўсёй краіны, загіпнатызаванай медыйнымі заклёнамі.
Трэк «713» па моцы вельмі блізка падыходзіць да найлепшых гімнаў Дэвіда Боўі, бо ў ім цягам двух куплетаў усхваляваны мужчына шчыра размаўляе з Богам, просячы ва Усявышняга «любві і полымя», а пасля ідзе прыпеў. Вось такі прыпеў:
Я улетаю бомбить городаСпящих людей, которых не знаю
Они не проснутся уже никогда
Они навсегда будут преданны раю
І тут трэба зазначыць, што, у адрозненне ад таго ж Oxxxymiron’а, гэтая плытка вельмі трапная яшчэ і па музыцы. Кожная песня тут — меладычнае выказванне, якое засядае ў мозг не горш за мласнатворнае «У агародзе снегавік».
Усяго 7 песень, але тэматычны ахоп — ад Сірыі да сям’і і Вечнасці, як у «442», дзе лірычны герой называе сваю маму «вясёлкай» і распавядае пра бацьку, які «трымае ў раскрытых далонях сэрца». Калі «Дэльфін» не падпадзе пад які-небудзь shadow ban за пераход усіх магчымых тэматычных межаў, пра «442» мусяць гаварыць яшчэ доўга, бо з’яваў такога ўзроўню ў Расіі не нараджалася ўжо вельмі даўно:
Небо кричит голосами мальчишекНа выжженом поле танцует война
Повсюду трупы героев из книжек
Еще не дочитанных до конца
Будто на заднем играли дворе
И все перепачкались черной смородиной
Государство, приказывающее умирать детворе
Всегда назовет себя Родиной
Гэта дакладна не тая музыка, якую вы будзеце круціць у машыне ці ў тэлефоне зноў і зноў, каб зрабіць уласны сэрфінг праз горад больш прыемным. Бо гэта зусім не пра «прыемнасць». Па другім праслухоўванні, як і з іншымі альбомамі «Дэльфіна», у роце ўзнікае той жа прысмак, як пры праглынанні кнігі «У вайны не жаночае аблічча» за адзін прысест. І млосна, і хочацца памаўчаць.
Паводле budzma.by