Віцебскія ўлады нішчаць усё, што прывялі ў занядбанне: Узарваны млын ва Ушачах
Работнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Віцебскага УМНС падарвалі будынак былога млына ў гарадскім пасёлку Ушачы Віцебскай вобласці.
Млын ва Ушачах ахоўнага статусу не меў, піша «Наша Ніва». Але такія аб'екты заўсёды маюць каштоўнасць як сведчанне прамысловага развіцця рэгіёна.
Краязнаўцы адзначаюць, што ў Віцебскай вобласці назіраецца цэлая кампанія па падрыве ўсяго старога. «Падраздзяленні МНС аказваюць дапамогу па ліквідацыі неэксплуатаваных будынкаў і збудаванняў» — так называюць гэта тыя, хто знішчае старыя будынкі.
«Кожны год МНС дае справаздачу, колькі ўсяго было знішчана,
быццам гэта нейкае дасягненне, а не паказчык занядбанасці рэгіёна ў цэлым», —
каментуе гісторык на ўмовах ананімнасці.
Так, у Асвеі ўзарвалі мураваны будынак, знеслі сядзібу ў в. Двор Гомель, сядзібу Хлюсціных у Арэхаўску і г. д.
Днямі вось выявілася, што пад Полацкам знішчылі казармы.
Нядаўна ў Смалянах (Аршанскі раён) вырашылі зносіць два
будынкі: аднапавярховы, 1880 г. п., і двухпавярховы, 1901 г. п. Бо мясцовы
каледж, на балансе якіх яны былі, не ў стане іх утрымліваць. На знос выдаткоўваецца
16 тысяч рублёў, зносіць плануюць восенню.