«Вельмі хвалююся за здароўе мужа, бо цяпер такая гарачыня». Дар'я Лосік пагаварыла з мужам па тэлефоне

Палітвязень Ігар Лосік упершыню за час знаходжання ў калоніі стэлефанаваўся з жонкай. Дар'я Лосік распавяла баранавіцкаму выданню «Intex-press», пра што яны размаўлялі.

Ігар Лосік. Фота Facebook

Ігар Лосік. Фота Facebook


Паводле слоў Дар'і, ёй ужо двойчы ўдалося пагаварыць з Ігарам па тэлефоне. Сазвоньвацца можна было б і часцей, але паколькі Ігар «схільны да экстрэмізму», яго ў гэтым абмяжоўваюць.
Адзін званок на два тыдні працягласцю каля пяці хвілін, — расказвае пра абмежаванні Дар'я Лосік.
Так ці інакш, кажа дзяўчына, дзякуючы гэтым званкам яна можа хутка нешта спытаць у мужа, даведацца, як яго здароўе, настрой і абстаноўка ў цэлым. У апошняй тэлефоннай размове, у прыватнасці, Ігар, які пакутуе ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, супакоіў яе, сказаўшы, што ўсе неабходныя медыцынскія прэпараты яму выдаюць рэгулярна.
Вельмі хвалююся за здароўе мужа, бо цяпер такая гарачыня, — тлумачыць прычыну сваёй трывогі Дар'я.
Лісты ад Ігара, паводле слоў дзяўчыны, даходзяць рэгулярна: тры-чатыры на тыдзень. Як і раней, лісты даходзяць толькі ад сваякоў.
Дар'я кажа, што Ігар імкнецца адказаць у першую чаргу Дар'і.
Вечарам пасля працы ў Ігара зусім мала часу, адказаць на лісты, я так разумею, ён можа толькі па нядзелях, бо ён працуе шэсць дзён на тыдзень, — адзначае дзяўчына.
У маральным плане, паводле слоў Дар'і, мужу значна прасцей, чым у СІЗА, дзе ён быў адзін на адзін з каменнымі сценамі. У калоніі ў яго хаця б ёсць магчымасць ненадоўга выходзіць на вуліцу.
Дар'я з нецярпеннем чакае магчымасці атрымаць спатканне з Ігарам.
Я не буду загадваць, калі гэта атрымаецца, але вельмі спадзяюся, што яно адбудзецца як мага хутчэй, — рэзюмуе яна.
Ігар Лосік быў прысуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». З моманту заключэння пад варту Ігар Лосік двойчы аб'яўляў галадоўку, першую з якіх трымаў 42 дні.
У чэрвені гэтага года Дар'я Лосік запісала зварот да грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапанавала абмяняць свайго мужа на сябе:

«Грамадзянін Лукашэнка, прапаную вам замяніць майго мужа на сябе. (...) Я гатовая добраахвотна сесці ў беларускую турму і ўзяць на сябе ўсе крымінальныя артыкулы Ігара наўзамен на яго свабоду. Калі вам вельмі хочацца, вы можаце накінуць мне яшчэ парачку крымінальных артыкулаў для атрымання большага задавальнення. Я іду на такі крок толькі пры ўмове, што Ігар з дачкой пакіне краіну. Вы нічога не губляеце, бо ў вашай краме чалавечых лёсаў іх колькасць застанецца той жа. Пачнём з таго, што вашы падначаленыя лепш за каго-небудзь іншага ведаюць, што мой муж невінаваты. Ды і факты, якія даказваюць гэта, я вам дала».
Хоць лісты ад не сваякоў да Ігара не даходзяць, вы можаце ўсё роўна паспрабаваць падтрымаць яго лістом ці паштоўкай: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Лосік Ігар Аляксандравіч. Звярніце ўвагу: паколькі Ігар Лосік унесены ў так званы «спіс тэрарыстаў», грашовыя пераводы для яго забароненыя.