Васкрасенскі: Ігар Лосік знаходзіцца ў першай частцы спісу на памілаванне

Былы палітвязень Юрый Васкрасенскі, які стаў супрацоўнічаць з уладамі, заявіў, што перадаў Лукашэнку першую частку спісу зняволеных на памілаванне. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН. Раней Лукашэнка гаварыў, што ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, а сам Васкрасенскі тры дні таму сказаў, што ўлады адмовіліся ад ідэі амністыі.

45155bd3_fb33_4d79_8d4e_1dcea8f00bfc_cx0_cy17_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

У першую частку спісу на памілаванне, перададзенага Аляксандру Лукашэнку, уключаны блогер Ігар Лосік, заявіў былы актывіст ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, дырэктар установы «Круглы стол дэмакратычных сіл» Юрый Васкрасенскі ў каментары тэлеканалу «Беларусь 1».
«Мы не можам назваць усю сотню, але магу сказаць, што ў першую частку спісу ўключаны такі вядомы актывіст апазіцыі Ігар Лосік. Мы ўключылі Ігара ў першую частку спісу», — сказаў Васкрасенскі.
Паводле яго слоў, другую частку спісу перададуць 1 верасня.
У ходзе «Вялікай размовы» 9 жніўня Лукашэнка прапанаваў Васкрасенскаму несці асабістую адказнасць за фігурантаў гэтага спісу. Васкрасенскі паабяцаў, што «закладвае галаву» за першых 100 чалавек.
Раней Юрый Васкрасенскі гаварыў, што арганізаваны ім «Круглы стол дэмакратычных сіл» рассылае палітвязням лісты з прапановай да 31 жніўня напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Да 21 ліпеня з ім нібыта звязаліся прадстаўнікі 14 асуджаных.
На мінулым тыдні стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і фігуранты «пінскай справы» адмовіліся прасіць у Лукашэнкі памілавання.
Яшчэ 12 лютага на VI Усебеларускім народным сходзе Васкрасенскі заклікаў улады правесці палітычную амністыю. Лукашэнка тады заяўляў, што ніякіх палітвязняў у краіне няма.
Сам Васкрасенскі, які цяпер супрацоўнічае з уладамі, быў затрыманы 12 жніўня 2020 года. 10 кастрычніка ён стаў адным з удзельнікаў размовы Лукашэнкі з арыштаванымі прыхільнікамі перамен у СІЗА КДБ. На наступны дзень Васкрасенскага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў з яго пры гэтым не знялі.
Ігар Лосік, які знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня мінулага года, абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд над блогерам пачаўся 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА. Разам з ім судзяць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых. Лосік за кратамі двойчы аб’яўляў галадоўку.