Васілю Парфянкову адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні
Палітзняволенаму ўдзельніку Плошчы-2010 Васілю Парфянкову адмоўлена ў магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення. У жніўні 2012 года ён быў асуджаны паўторна — на 6 месяцаў арышту, нібыта за парушэнне рэжыму нагляду.
Васіль Парфянкоў. Фота salidarnasc.org
Па словах прадстаўніцы праваабарончага цэнтра "Вясна" Насты Лойкі, падставы для адмовы былі надуманымі:
— Наконт умоўна-датэрміновага вызвалення сам Васіль неаднаразова ў сваіх лістах пісаў, што асабліва не спадзяецца. Тым не менш да апошняга мы ўсе спадзяваліся, што гэта нейкім чынам зменіцца. Але бачым, што ніякіх зменаў няма. Да палітвязняў, як і раней, ёсць спецыфічны падыход, калі беспадстаўна вешаюць нейкія парушэнні. Бачна, што да іх ставяцца не так, як да іншых. І гэта пацвердзілася, калі працавала камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленнях. Васілю так і сказалі, што ты недастаткова перавыхаваўся, і таму мы не будзем даваць паперы на тваё датэрміновае вызваленне.
Па словах Насты Лойкі, парушэнні Васіля Парфянкова былі нязначнымі і спагнанні па іх — неаб'ектыўныя. І таму адмова ў вызваленні ёсць палітычным рашэннем. Зараз палітычны зняволены і ягоны адвакат рыхтуюць скаргу на адмову ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Але яе будзе разглядаць тая ж камісія, якая вынесла папярэдняе рашэнне.