Валер Мазынскі ў Марафоне Салідарнасці з палітвязнямі
27 лістапада да ўдзелу ў Марафоне далучаецца рэжысёр тэатра і кінарэжысёр, грамадскі дзеяч Валер Мазынскі.
Валер Мазынскі працаваў галоўным рэжысёрам Беларускага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры, выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, стварыў тэатр-лабараторыю беларускай драматургіі «Вольная сцэна», кіраўніком якога быў восем гадоў да самага яго закрыцця ўладамі.
Адзін са сваіх спектакляў — «На дне» (паводле М. Горкага) — Валер Мазынскі паставіў у камеры турмы на Акрэсціна, дзе адбываў 10 сутак арышту пасля затрымання на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. У 2008 годзе зняў тэлефільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя», у 2011 годзе — дакументальны фільм «Як пошуг маланкі» пра дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Расціслава Лапіцкага, а ў 2012 годзе — пра Палуту Бадунову, прэзентацыя якога адбудзецца падчас Марафона Салідарнасці з палітвязнямі.
Паводле Прэсавай службы БХД