Валанцёры прыбіраюць Бабруйскую крэпасць і шукаюць дапамогі
Бабруйскія актывісты ўжо некалькі месяцаў сваімі сіламі спрабуюць прыбраць галоўны гістарычны помнік горада — Бабруйскую крэпасць.
Кожную нядзелю каля 10 валанцёраў збіраюцца ды вычышчаюць старыя бастыёны з надзей, што калі-небудзь тут змогуць праходзіць экскурсіі, а гэтыя мясціны стануць цэнтрам культурнага жыцця горада.
Ініцыятарка прыборкі крэпасці Ірына Хамрэнка-Ушакова распавяла:
— Заўсёды было сорамна і непрыемна. Смецце… Шкада будынка. Гэта ж наша гісторыя, наша галоўная славутасць горада. Мы ўзялі пакеты і пачалі прыбіраць. Спачатку удвух-утрох выносілі па 5–10 пакетаў смецця. Пачалі гэтую справу піярыць у сацыяльных сетках, пісалі ў газетах. І пачалі падцягвацца людзі. Так масавы рух і арганізаваўся. Проста баліць сэрца за ўсё гэта. Я люблю гэтыя мясціны, тут прайшло маё дзяцінства. Хочацца прывесці гэта ў чысты і бяспечны стан, каб можна было прыводзіць сюды людзей, запрашаць нейкіх артыстаў, музыкантаў і паэтаў, ладзіць вечары, якія ў нас праходзяць зараз на плошчы. Каб гэта можна было зрабіць культурным цэнтрам.
Чытайце таксама:
Забыты корпус забытага генерала
Бабруйская крэпасць — помнік архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя — зараз знаходзіцца ў закінутым стане. У старажытных збудаваннях часта збіраюцца аматары выпіць, пакідаюць пасля сябе бутэлькі ды іншае смецце.
Чытайце таксама:
Беларуская кампанія велькапольскай дывізіі
Актывісты заклікаюць усіх неабыякавых бабруйчан далучацца і дапамагчы прыбраць галоўную гістарычную каштоўнасць горада.