Валанцёрская праца па захаванні рыбы прыносіць плён

У канцы кастрычніка жыццё ў глухіх вёсках Астравеччыны, што знаходзяцца ля самай мяжы краіны, пачынае віраваць. Кумжа ідзе на нераст! А значыць, некалькі наступных месяцаў тут, на самым ускрайку Беларусі, будуць несці вахту валанцёры — простыя рыбакі ды актывісты грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны.



11111.jpg

Назіранне за праходам рыбы

Папуляцыя кумжы ў Беларусі настолькі малая, што страта хоць адной рыбіны можа стаць фатальнай. Да нядаўняга часу такія рэдкія віды рыб, як сёмга, кумжа ды стронга, лічыліся ў нашай краіне зніклымі. Аднак даследаванні, якія праводзіліся ў канцы 90-х гадоў паказалі, што адзінкавыя рыбіны атлантычнага ласося і кумжы ўсё ж такі даходзяць да нашых берагоў. Адчуваюць месцы, дзе нарадзіліся “па смаку вады — так кажуць спецыялісты.

Свой шлях у нашы малыя рэкі рыба пачынае ў вузкай гарлавіне Куршскага заліва ў Клайпедзе, падымаецца наверх па Нёмане, а потым паварочвае каля Коўна ў Вілію і ідзе па рацэ супраць плыні. Такім чынам сёмга і кумжа праплывае каля 700 кіламетраў толькі ў адзін бок. У адрозненні ад сваіх суродзічаў, якія жывуць у Атлантычным або Ціхім акіянах, нашая кумжа працягвае сілкавацца і пасля нерасту ды вяртаецца ў мора.

Для адкладання ікры кумжа абірае рэчкі з чыстай, халоднай вадой і хуткім цячэннем. Прытокі Віліі падыходзяць для гэтага на ўсе сто адсоткаў. Гэтыя невялікія рэкі, што знаходзяцца ў пагорыстых і такіх маляўнічых мясцінах, мала вядомыя староннім. Аднак мясцовыя ведаюць амаль усё пра гэтую рэдкую рыбу, з ходу адрозніваючы простыя насыпы на дне ад сапраўдных мясцін нерасту. Ведаюць яны і тое, што ўвосень на Астравеччыну прыязджаюць валанцёры. Нават жартуюць: “Як прыехалі гарадскія, дык рыбы не стала.

Аднак на самай справе за чатыры гады, што дзейнічае праграма па захаванні рэдкіх рыб, колькасць месцаў нерасту толькі павялічваецца. Марудна, але станоўчая тэндэнцыя назіраецца, што вельмі цешыць спецыялістаў. Цешыць і тое, што жыхары рэгіёна таксама дапамагаюць захоўваць ласося.

get_img22.jpg

      Устаноўка рыбаходу

Аднак браканьерства працягвае быць сур’ёзнай праблемай. У мясцовых ёсць нават выраз “рыбу секчы. Дабываць спрабуюць яе астрогамі на нерасце. Але справа гэтая рызыкоўная: за знішчэнне кумжы — крымінальная адказнасць. Менавіта гэта астуджае пыл ахвотнікаў.

Раней ласосевыя былі вельмі распаўсюджаны ў нашай краіне. На сталах сярэднявечных жыхароў  чырвоная ікра і сама рыба былі традыцыйнымі зімовымі стравамі. Аб гэтым сведчаць як літаратурныя крыніцы, так і археалагічныя раскопкі. Напрыклад, пры даследаванні старажытнага Ваўкавыска X–XIV стагоддзяў, а таксама гарадзенскага Старога замка былі знойдзены кавалкі кумжы. Ды і рэчка Ласасянка засталася нам як памяць аб багацці ласосевых рыб у нашым краі. Некаторыя сталыя гарадзенцы нават успамінаюць, што стронга даходзіла амаль да мяжы горада!

get_img33.jpg

     Пазначэнне месца нерасту на інтэрактыўнай карце

Рыба ішла не толькі ў Вілію, але і ў Нёман. Аднак плаціна каля Коўна, не абсталяваная рыбаходам, стала непераадольнай перашкодай для рыбы. У сваю чаргу будаўніцтва Вілейскага вадасховішча змяніла гідралагічны рэжым Віліі. А на берагах вялікіх рэк знаходзяцца  сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія час ад часу забруджваюць ваду.

Іншая вялікая праблема для ласося — бабры, якія да нядаўняга часу былі ўнесены ў Чырвоную кнігу. Нават невялікая бабровая сям’я можа стаць істотнай праблемай на шляху да нерасту. Яны будуюць свае плаціны, цягаючы з усёй акругі бярвенне і сухія галінкі, ператвараючы хуткую рэчку ў  запруджаныя канавы.

get_img44.jpg

   

Бабровая плаціна

Не дзіўна, што зараз да нас даходзіць усяго некалькі дзясяткаў рыбін. Менавіта таму настолькі важна захаваць іх. Тым больш, што захавальнікам ласося можа стаць кожны. Для гэтага трэба толькі жаданне нешта зрабіць і трохі вольнага часу. Новыя ўражанні ды магчымасць дакрануцца да гэтай унікальнай прыроднай з’явы — забяспечаныя.

t-styl.info