Вайна з расійскімі сцяжкамі дайшла і да Магілёва
Жыхар Магілёва, сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў патрабуе ад кіраўніцтва аб’яднання «Магілёўаблаўтатранс», каб кіроўцы аўтобусаў прыбралі з кабінаў машын расійскія сцяжкі.
У скарзе ён падае нумары аўтобусаў, кіроўцы якіх павывешвалі сымболіку суседняй дзяржавы. Акрамя кіраўніцтва «Магілёўаблаўтатранса», зварот актывіст адрасаваў і ва ўпраўленьне
ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму.
У сваім звароце да аўтобуснікаў актывіст зазначае, што Беларусь — незалежная краіна, і каб дасягнуць незалежнасьці, яна прайшла доўгі шлях праз пакуты і трагедыі. Вывешваньне расейскіх
сьцягоў у грамадзкіх аўтобусах, даводзіць Барысаў, — выклік як беларускай дзяржаўнасьці, гэтак і грамадзянам краіны.
Сваю прыхільнасьць да той ці іншай дзяржавы кіроўцы аўтобусаў могуць дэманстраваць у сваіх прыватных аўтамабілях, кажа ў звароце сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў.
Актывіст патрабуе, каб з кіроўцамі аўтобусаў правялі прафіляктычныя гутаркі, а тым, хто мае расейскія сьцяжкі, зрабілі заўвагу пра недапушчальнасьць выкарыстаньня ў грамадзкім транспарце
замежнай сымболікі.
Ігар Барысаў кажа, што працяглы час у Магілёве невядомыя бясплатна раздаюць расейскія сьцяжкі кіроўцам аўто. На кантакт яны не ідуць. Пры спробе пагутарыць — уцякаюць. Раздаюць
маладзёны расейскую сымболіку, калі машыны стаяць на сьвятлафорах.
svaboda.org