Ваеннаслужачы Мазырскага пагранатрада здзейсніў суіцыд
20 лістапада 2019 г. у 2 гадзіны ночы быў знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы з прыкметамі суіцыду.
Як паведамляе сайт Мазырскага памежнага атраду, яфрэйтар тэрміновай службы 1999 года нараджэння быў прызваны ў органы памежнай службы ў лістападзе 2018 года. Службу праходзіў у Мазырскім памежным атрадзе. Характарызаваўся станоўча. Меў заахвочванні ад камандавання часткі, у тым ліку падзяку за разумную ініцыятыву і стараннасць, праяўленыя пры нясенні службы, рашучыя дзеянні па выяўленні і затрыманні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказчыкі па службе за III квартал 2019 года. З асабістых гутарак устаноўлена, што пасля тэрміновай ваеннай службы планаваў застацца на ваенную службу па кантракце. У лістападзе месяцы бягучага года прыбыў з асноўнага водпуску, які праводзіў дома.
Расследаваннем здарэння займаецца Следчы камітэт Беларусі, які ўстанаўлівае прычыны і абставіны трагедыі.
Камандаванне Дзяржпагранкамітэта выказвае спачуванні родным і блізкім ваеннаслужачага.