Ужо як мінімум два фанаты БАТЭ асуджаныя за акцыю салідарнасці з Украінай
На вечар пятніцы было вядома, што мінімум двое фанатаў футбольнага клуба БАТЭ правядуць у ізалятары часовага ўтрымання пяцёра сутак за акцыю падтрымкі Майдану.
«Наша Ніва» паведамляла пра першага затрыманага ў абед, аднак высветлілася, што гэта не адзіны выпадак.
«Сёння быў яшчэ адзін суд над фанатам футбольнага клуба БАТЭ. Хлопцу патэлефанавалі дадому і запрасілі на размову. Пасля таго, як чалавек папрасіў выслаць яму позву, супрацоўнікі
міліцыі прыехалі і забралі з дому.
Пасля адведзеных па законе трох гадзін «да высвятлення асобы» ў Барысаўскі ГАУС паехаў бацька хлопца з адвакатам. У аддзеле паведамілі, што затрыманага разам з матэрыяламі
справы павезлі ў суд. Наступныя дзве гадзіны адмаўляліся наогул паведамляць пра яго месцазнаходжанне.
Да чалавека не дапускалі адваката, як і ў папярэднім выпадку, яго па-ціхаму прывезлі ў суд і асудзілі. І гэта ў прысутнасці ў судзе бацькі і адваката», — паведамляе сайт
belultras.by.
Адзін з фанатаў БАТЭ паведаміў «Нашай Ніве»: «Нашых знаходзяць праз Укантакце. Параўноўваюць фота ды вызвоньваюць. Клоўны. Давялося выдаляць старонку ды ствараць
новую».
На фанацкіх форумах Укантакце праходзяць паведамленні, што яшчэ ў пачатку тыдня супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі да фанатаў «Дынама», якія таксама выказаліся ў
падтрымку Майдану.
Фанаты БАТЭ зладзілі сваю акцыю салідарнасці з Украінай на мінулых выхадных. Каля дваццаці чалавек сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатамі «Трымайся, Украіна, мы з
табой» і «Слава героям». Фоткі трапілі ў інтэрнэт, дзе былі пазітыўна ўспрынятыя.
Наколькі вядома «Нашай Ніве», затрыманым інкрымінуюць не мацюкі (дробная хуліганка), а ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, палітычны артыкул.