Узаконілі прымусовыя працы для дармаедаў. Тым часам МУС прапануе «Палепшым закон разам»

У Беларусі пашыраныя выпадкі адміністрацыйнай адказнасці. Адначасова з гэтым МУС чакае ад грамадзян прапановаў па лібералізацыі адміністрацыйнага заканадаўства.



67be4bdb_d688_4ea7_af43_10b11d5ff1b4_w640_r1_s.jpg

У Беларусі ўнесеныя змены ў заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адпаведны закон ад 4 студзеня 2016 г «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» апублікаваны 14 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу 4 красавіка 2016 года, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, паведамляе БелапАН.

Як паведамляецца, з улікам палажэнняў дэкрэта кіраўніка Беларусі аб сацыяльным ўтрыманстве прадугледжана, што адміністрацыйна арыштаваныя, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 10 артыкула 13.6 КаАП (нявыплата або няпоўная выплата сумы збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў), абавязкова прыцягваюцца да выканання грамадска карысных работ у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Змены ў артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях таксама ўстанаўліваюць адказнасць за: парушэнне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасці; парушэнне заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах; парушэнне страхавым брокерам або страхавым агентам заканадаўства аб страхаванні; непрадстаўленне звестак аб пазабіржавай здзелцы, прадстаўленне няпоўных або недакладных звестак аб пазабіржавай угодзе; парушэнне правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі маламерных судоў, правілаў карыстання базамі (будынкамі) для іх стаянак; парушэнне парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва або прыёмкі будаўнічых, спецыяльных, мантажных работ; парушэнне парадку правядзення працэдур закупак пры будаўніцтве; самавольныя пахаванне, перапахаванне і інш.

На тле пашырэння выпадкаў адміністрацыйнай адказнасці Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапанавала грамадзянам адкрыта абмеркаваць магчымыя змены адміністрацыйнага заканадаўства ў частцы лібералізацыі адказнасці за нязначныя правапарушэнні, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе МУС.

«Праваахоўнікам вельмі важна ведаць меркаванне насельніцтва па пытанні гуманізацыі адказнасці за нязначныя правапарушэнні. Грамадзяне запрашаюцца да адкрытага грамадскага абмеркавання», — паінфармавалі ў прэс-службе.

«З такой ініцыятывай выступілі сябры грамадскага савета пры МУС. Кіраўніцтва ведамства падтрымала гэтае добрае пачынанне. Некаторыя прапановы па лініі Дзяржаўтаінспэкцыі ўжо разглядаюцца», — адзначылі ў міністэрстве.

На афіцыйным сайце МУС Беларусі створана старонка і маецца банер«Палепшым закон разам», з дапамогай якога грамадзяне змогуць пакінуць свае прапановы. Яны таксама прымаюцца па электроннай пошце альбо ў пісьмова выглядзе. Ўся неабходная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце МУС у рубрыцы «Палепшым закон разам».

www.svaboda.org