Усіх журналістаў «Нашай Нівы» выклікаюць на допыт у Следчы камітэт
Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар Ягор Марціновіч.
![screenshot_2020_12_05_19_02_58_531_com.facebook.katana.png screenshot_2020_12_05_19_02_58_531_com.facebook.katana.png](/img/v1/images/screenshot_2020_12_05_19_02_58_531_com.facebook.katana.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Следчы камітэт» запускае свой канвеер. На наступны тыдзень выклікаюць на допыты ўсіх 20 супрацоўнікаў «Нашай Нівы», — напісаў Марціновіч.
У каментарах ён патлумачыў, што яго калег хочуць дапытаць у якасці сведак па крымінальнай справе, якая была ўзбуджана ў верасні. Пацярпелым па справе праходзіць тагачасны намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў, падазраваны — галоўрэд «НН».
На пачатку восені ў інтэрв'ю «Нашай Ніве» «ды-джэй перамен» Уладзімір Сакалоўскі распавёў, што яго збіў у ізалятары менавіта Барсукоў. Справа заведзена па артыкуле 188 КК РБ («Паклёп»). У сувязі з гэтым у верасні Марціновіч правёў тры дні пад вартай.
![Ягор Марціновіч. Фота «Наша Ніва» Ягор Марціновіч. Фота «Наша Ніва»](/img/v1/images/photo_2020_09_23_12_17_12_0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ягор Марціновіч. Фота «Наша Ніва»