Уніяцкі святар: нехта хоча разгарнуць антыўніяцкую кампанію

Ва ўсіх храмах Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) 6 снежня ўпершыню былі ўзнесены малітвы аб супакоі мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі ўніяцтва ў Беларусі. Акрамя таго, быў праведзены шэраг канферэнцый, на якіх гаварылася аб негатыўнай ролі ўніяцкай царквы ў гісторыі Беларусі.



jdv31c_w300h210.jpg

 На Сінодзе ж БПЦ 3 верасня абмяркоўваліся пытанні вывяржэння з сану былога праваслаўнага, а цяпер уніяцкага святара Яна Майсейчыка, а таксама магчымасць з'яўлення біскупаў у Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая з'яўляецца пераемніцай уніяцкай.
Пракаментаваць актывізацыю уніяцкага пытання ў Беларускай праваслаўнай царквы карэспандэнты Тэлеграфа папрасілі грэка-каталіцкага (уніяцкага) святара і блогера, пробашча парафіі святога Язафата ў горадзе Ліда (Гродзенская вобласць) Андрэя Буйніча выказацца на дадзеную тэму.
Telegraf.by: Як Вы лічыце, чаму менавіта зараз у Беларускай праваслаўнай царкве так востра паўстала ўніяцкае пытанне? Адкуль, на Вашу думку, сыходзіць крыніца антыўніяцкай кампаніі ў пэўных кругах Беларускай праваслаўнай царквы ў апошнім часе: з Беларусі ці з Масквы? Ці не звязана гэта з барацьбой паміж рознымі групоўкамі ў БПЦ за ўладу?
Буйніч: У гэтай справе я паспрабую выказаць толькі сваё асабістае мяркаванне ды адначасова не хацеў бы камэнтаваць унутраных праблемаў іншай Царквы. Вось чаму я хацеў бы перад усім свой адказ сканцэнтраваць вакол Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы, якая стала прадметам так бы мовіць «антыўніцкай кампаніі».
Прайшло больш за 20 год, як уніяцкія (грэка-каталіцкія) парафіі ў Беларусі маглі аднавіць сваю адкрытую душпастырскую дзейнасць. За ўвесь гэты час грэка-каталіцкія душпастыры не займаліся анты-праваслаўнай прапагандай.
На колькі мне вядома, кіраўніцтва нашай Беларускай грэка-каталіцкай царквы мэтанакіравана будавала карэктныя і поўныя пашаны адносіны да іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы і, зразумела, да праваслаўных вернікаў.
І вось, раптам хтосьці хоча разгарнуць антыўніяцкую кампанію. Каму гэта патрэбна і навошта? Больш таго можна пачуць (або прачытаць) паклёпныя, безпадстаўныя закіды, што дзейнасць уніяцкай царквы у Беларусі “пагражае грамадзянскаму міру, што мы «совращаем и завлекаем». Ніхто разумны так не падумае і не будзе гэтаму прыслухоўвацца, але не ўсе разумныя…
Дазвольце малую гістарычную рэмарку. У гэтым годзе адзначаем 1150 год гораду Полацка. Полацкая  епархія ўсходняй (візантыйскай) традыцыі была ў сулучнасці (царк. слав.: сопричастие, лац.: communio) з Рымам. І гэтую сулучнасць з Пасадам св. Вярхоўнага Апостала Пятра епіскапы беларускіх (і часткова ўкраінскіх) епархій аднавілі ў рамках Брэсцкай царкоўнай ўніі (у 1595-1596 гады).
А ўсходняя царква на нашых землях не мела ў той час аніякага дачынення да Масквы. Толькі ў 1839 годзе з’яднаная (Грэка-уніяцкая) царква была насільна падпарадкаваная Расійскай праваслаўнай царкве. І вернікаў ніхто не пытаў, ці хочуць ліквідацыі структураў сваёй царквы.
20 год таму ўніяты (грэка-каталікі) аднавілі адкрытую душпастырскую дзейнасць, зарэгістравалі парафіі. Чаму ж мы не маем несці Евангелля шматлікім грамадзянам Беларусі,  якія ніколі яго не чулі? Чаму ж мы не мелі б учыць нашых суграмадзянаў любіць Бога і нашую Бацькаўшчыну – Беларусь? Чаму ж мы не мелі б прытрымлівацца ўсходняй багаслужбовай традыцыі нашых продкаў? Каму гэта перашкаджае і чаму?
Уніятам (грэка-католікам) ніхто не можа забраць права на існаванне. У незалежнай дзяржаве мы не можам і не хочам быць грамадзянамі 3-й катэгорыі, як можа гэта хтосці б і хацеў. Шануем іншых ды чакаем пашаны да сябе. І трэба сказаць, што дзяржаўныя структуры гэта разумеюць.
У СМІ розныя дзіўныя рэчы можна прачытаць, як напрыклад вядомае інтэрв'ю пэўнага праваслаўнага іерарха, якое мела назву «О ювенальной юстиции, способствующей разрушению семьи и государственности. Попытки возрождения униатства в Беларуси». У гэтым тэксце асуджаліся вышэйзгаданя юстыцыя, гомасэксуалізм ды ўніяцтва. Хоць нават сама назва змяшчае ў сабе «боб з гарохам», але просты люд тое праглыне і будзе перакананы, што уніяты і гомасэксуалісты – гэты прыкладна тое ж самае. Што гэта, як не відавочная брудная маніпуляцыя?
Нарэшце давайце падумаем, ці нам, уніятам, трэба «завлекать, совращать» праваслаўных вернікаў? Мы праводзім евангелізацыю сярод тых, хто не ведае Бога. Падумайце, колькі нам трэба ўкласці працы, евангелізацыі, катэхізацыі, каб прывесці іх да нармальнай, жывой веры! Мы працуем з тымі, хто сам шукае Бога, хто сам да нас прыходзіць.
Нашыя вернікі не могуць дазволіць сабе на фармальную веру. У нас няма нармальнага храма нават у Мінску, іншымі словамі «культавага будынку». Трэба мець не малое перакананне, каб пайсці ў душпастарскі цэнтр, які мае выгляд катэджа.   
Telegraf.by: Як вы мяркуеце, чаму для БПЦ так важна, каб Беларуская грэка-каталіцкая царква не мела на Беларусі свайго біскупа і сваёй іерархічнай структуры? Ці не з'яўляецца гэта ўмяшаннем адной Царквы ў справы іншай? Ці сапраўды БГКЦ уяўляе нейкую пагрозу для БПЦ і праваслаўя на Беларусі?
Буйніч: Наогул сітуацыя камічная: БПЦ, якая паводле яе самой, з'яўляецца дамінуючай ў Беларусі, звяртае ўвагу на Беларускую Грэка-каталіцкую Царкву, якая нясе служэнне ў трох дзесятках парафій! Мы нават не заўсёды маем магчымасці дайсці да шматлікіх вернікаў, якія жывуць паза нашымі парафіямі… Гэта тысячы вернікаў, за якіх мы нясем душпастырскую адказнасць.
І трэба нагадаць, што пасля г. зв. Полацкага “сабора (1839 год) царскі ўрад ліквідаваў 2 уніяцкія епархіі. Гвалт з боку свецкіх уладаў не меў і не мае аніякай кананічнай моцы ў жыцці царквы. Гэтыя епархіі ёсць “перашкоджанымі (impeditae), але не “пагаслымі (extinctae). Яны чакаюць свайго біскупа. Паводле Кананічнага права памесную царкву нармальна ўзначальвае біскуп. Закон РБ гэтага не забараняе. Дабрасумленнаму чалавеку гэта няцяжка зразумець.
А калі для некаторых праваслаўных “рупліўцаў пагроза ў тым, што мы – беларускія грэка-католікі стараемся беларусам (і не толькі) дапамагаць сустрэцца з Ісусам Хрыстом, гэта проста здзіўляе. І калі яны лічаць, што яны самі ў гэтым «спецыялісты», то мне здаецца ў іх не павінна быць такога страху.
Telegraf.by: Якое Ваша меркаванне, чаму ані Беларуская грэка-каталіцкая царква, ані Рыма-каталіцкі касцёл на Беларусі не пратэстуюць супраць дадзенай антыўніяцкай палітыкі пэўных колаў у Беларускай праваслаўнай царкве? Ці варта, на Вашу думку, чакаць узмацнення антыўніяцкай рыторыкі і палітыкі пасля імавернай змены кіраўніцтва БПЦ?
Буйніч: Я малюся, каб Госпад даў Беларускай праваслаўнай царке новага разумнага і святога першаіерарха. Разам з гэтым я ўпэўнены, што нашыя царкоўныя ўлады не будуць апускацца на ўзровень палемікі. Апраўдвацца – гэта часта азначае быць вінаватым. Навошта нам адчуваць віну без віны?
У сувязі з неабгрунтаванымі выказваннямі некаторых праваслаўных палемістаў былі апублікаваныя некторыя афіцыйныя камунікаты, якія можна знайсці ў інтэрнэце. Мне здаецца, што гэтага дастаткова. Калі хтосьці жадае запытаць кагосці з нас пра нешта (так як гэта робіце сёння Вы), то, мяркую, заўсёды можа гэта зрабіць і разлічваць на шчыры адказ.
І хачу яшчэ выказаць удзячнасць усім шматлікім праваслаўным на Беларусі, якія ў апошні час засведчылі нам сваю братэрскую пашану і падтрымку. Гэта каштоўны і аптымістычны знак талерантнасці беларускага грамадства.

telegraf.by