Уладзімір Канаплёў затрыманы праваахоўнымі органамі

Адразу два віцэ-прэзідэнты Нацыянальнага алімпійскага камітэта — былы і цяперашні — затрыманыя праваахоўнымі органамі Беларусі, паведамляе Прессбол.



kanapliou.jpg

У. Канаплёў (у белай кашулі), фота Сяргея Гудзіліна
Работнікі КДБ праводзяць праверку па справе ўчорашняга чыноўніка аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі — 2014 Генадзя Аляксенкі і старшыні нацыянальнай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва.
Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Павел Травулька спачатку не пацвердзіў, але і не абверг інфармацыю аб затрыманні, аднак праз некаторы час выдаў выразную фармулёўку: «Крымінальнай справы ў дачыненні да Канаплёва Уладзіміра Мікалаевіча ў Следчым камітэце няма». Гэта можа азначаць, што расследаваннем займаюцца іншыя органы.
У федэрацыі гандбола паведамілі, што Канаплёва няма на месцы. Але не могуць пацвердзіць альбо аспрэчыць яго затрыманне: самі пра гэта прачыталі толькі ў інтэрнэце.
Уладзімір Канаплёў — адзін з найбліжэйшых сяброў Аляксандра Лукашэнкі яшчэ са Шклова.
Нарадзіўся ў 1954 у вёсцы Акулінцы Магілёўскага раёна. Скончыў Магілёўскі педінстытут (геафак). Працаваў выхавальнікам, інспектарам па справах непаўналетніх.
Доўгі час Уладзімір Канаплёў быў дэпутатам палаты прадстаўнікоў ад роднай, Шклоўскай акругі. У 2004— 2007 быў спікерам палаты прадстаўнікоў.
Затым цалкам засяродзіўся на працы ў гандбольнай федэрацыі, сышоў з пасады ў палаце нібыта па стане здароўя.
Жанаты, мае двух сыноў, якія таксама ў бізнэсе.
nn.by