Улады распачалі маштабную праверку Беларускай асацыяцыі журналістаў
За два дні Беларускай асацыяцыі журналістаў трэба прадставіць тысячы дакументаў, некаторыя з якіх па-ранейшаму знаходзяцца ў Следчым камітэце.
Міністэрства юстыцыі распачало маніторынг дзейнасці БАЖ. У лісце, які прыйшоў на адрас арганізацыі ў панядзелак, ідзе размова пра прадастаўленне тысяч дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года і па сёння.
«І мы не перабольшваем, калі кажам пра тысячы дакументаў», — звяртае ўвагу БАЖ.
Сярод таго, што прапануецца прадаставіць у Мінюст, — спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае.
БАЖ многія гады дапамагае калегам абараняць свае прафесійныя правы, вядзе маніторынг сітуацыі ў галіне медыя. Асацыяцыя падкрэслівае, што і далей мае намер працаваць выключна ў прававым полі.