У Слоніме без цяпла засталіся жылыя дамы, школы, дзіцячыя садкі
У Слоніме абрынулася труба кацельнай. Без цяпла засталіся жылыя дамы, школы, дзіцячыя садкі. Канструкцыя вышынёй 80 метраў была пабудаваная ў 1977 годзе.
Цагляная дымавая труба кацельнай Слонімскай камвольнай фабрыкі часткова абрынулася позна ўвечары 17 сакавіка
Слесар, які ў момант здарэння знаходзіўся ў пункце кіравання кацельнай, з траўмамі змешчаны ў шпіталь, паведаміла прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўленя МНС. Астатнія працоўныя не пацярпелі.
Пашкоджаны будынак кацельнай на плошчы 80 кв.м і два воданагравальных катла.
Без забеспячэння цяплом часова засталіся фабрыка, 126 шматкватэрных дамоў, 6 інтэрнатаў, 3 школы, 7 дзіцячых садкоў і сацыяльны прытулак.
За суткі ад моманту аварыі цеплазабеспячэнне павінна быць адноўленае.
Прычына здарэння пакуль не вядомая, працуе спецыяльная камісія і аператыўныя групы.