У Салігорску забаранілі канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана»

Гарадскія ўлады настойліва параілі арганізатарам не праводзіць канцэрт менскай каманды.



razbitaje_serca_pacana.jpg

Гурт павінен быў выступіць у мясцовым Skyy Bar, але літаральна ў дзень канцэрта стала вядома, што мерапрыемства не пройдзе. Як стала вядома парталу Tuzin.fm, прадстаўнікі гарадскіх уладаў выказаліся супраць правядзення канцэрта, нягледзячы на тое, што арганізатары мелі гастрольнае пасведчанне.
«Кіраўніцтва дома культуры, у якім арандуе памяшканне Skyy Bar, папрасіла нас канцэрт не праводзіць. Ім не спадабалася, як пазіцыянуе сябе гурт. І мы нічога не можам зрабіць, нават маючы «гастролькі», - кажа арганізатар канцэрта Аляксандр Дзялянка.
14 лютага «Разбітае сэрца пацана» далі аншлагавы канцэрт у клубе «Цэнтр», які размяшчаецца ў менскім Палацы рэспублікі. Ніякіх праблем у арганізатараў не ўзнікла.
«На перыферыі людзі больш падстрахоўваюцца, бо баяцца страціць свае месцы. Я б параіў cалігорскім чыноўнікам і ўсім, хто баіцца, як бы чаго не выйшла, прыйсці на наш канцэрт і пераканацца, што ніякай парнаграфіі і іншых небяспечных рэчаў там няма», - заявіў удзельнік РСП Павел Гарадніцкі.
16 лютага гурт запланаваў канцэрт у Гомелі, 2 сакавіка - у Менску, а 26 сакавіка - у Маскве. Некалькі дзён таму гурт прадставіў новую песню «Что-то не так», якая выклікала вялікі рэзананс у сетках.

tuzin.fm